Рефетека.ру / Зарубежная литература

Реферат: Сутнасць і спецыфіка мастацтва

Змест


1. Сутнасць і спецыфіка мастацтва

1.1 Азначэнне мастацтва

1.2 Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная

1.3 Мастацкі вобраз

1.4 Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва

1.5 Пазнавальны аспект мастацтва

1.6 Аўтарскі пачатак у мастацтве

1.7 Аксіялагічны аспект мастацтва

1.8 Мастацтва ў суаднесенасці з іншымі формамі грамадскай свядомасці, культуры і галінамі творчай дзейнасці людзей

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Сутнасць і спецыфіка мастацтва


1.1 Азначэнне мастацтва


Слова "мастацтва" шматзначнае. У асноўным ім імянуюцца вынікі і прадукты спецыфічнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне каштоўнасцей, якія ўздзейнічаюць у першую чаргу на пачуцці чалавека. Сюды ўключаюць часам і сам працэс стварэння мастацкіх каштоўнасцей.

Пад мастацтвам разумеюць спецыфічную грамадскую з’яву, складаную сістэму якасцей і каштоўнасцей, у якой арганічна ўзаемазвязаны наступныя моманты: адлюстраванне і стварэнне рэчаіснасці, ці, дакладней, яе перастварэнне, а таксама пазнанне і ацэнка.

Дадзенай дэфініцыяй акрэслена практычна самае сутнаснае і вызначальнае ў мастацтве, а менавіта тое, што яно, па-першае, не проста адлюстроўвае рэчаіснасць, а перарабляе, перастварае яе, надаючы ёй нейкія новыя якасці і рысы; па-другое, і, па-трэцяе, побач з пазнаннем рэчаіснасці падчас яе новага ўзнаўлення абавязкова мае месца аўтарская ацэнка гэтай рэчаіснасці.

Менавіта так, як пададзена вышэй, ацэньвае самую асноўную сутнасць і спецыфіку мастацтва пераважная большасць сучасных айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. Адзінай жа і агульнапрынятай канцэпцыі мастацтва на сённяшні дзень ні ў нашай айчыннай навуцы, ні ў замежнай пакуль што не выпрацавана.

Каб лепш зразумець сутнасць праблемы, бегла пройдземся па гісторыі ўзнікнення і станаўлення поглядаў на мастацтва, на яго прыроду, спецыфіку, эвалюцыйныя змены ў складзе гэтай галіны дзейнасці людзей і формы грамадскай свядомасці.

Так, яшчэ ў старажытнасці ў Грэцыі ўзнікла тэорыя мімезісу, г. зн. падражання, наследавання мастацтва прыродзе. У афіцыйнай эстэтыцы хрысціянскага сярэднявечча мастацтва ўспрымалася як "боскае адкрыццё", а ў эпоху Адраджэння - як віртуозная імітацыя натуры чалавека. Тэарэтыкі класіцызму трактавалі сутнасць мастацтва як увасабленне "зграбнага" ў мастацкіх вобразах. Мастацтва, паводле І. Канта, - гэта "мэтазгодная дзейнасць без мэты". Гегель глядзеў на мастацтва як на з’яву, у якой увасабляецца ў адэкватнай пачуццёвай форме яго славутая "абсалютная ідэя" ("абсалютны дух").Л. Талстой разумеў мастацтва як "заражэнне" маральнымі ідэямі і думкамі, якое ажыццяўляецца праз пачуцці.

Сутнасць мастацтва па-рознаму, нават часам самым процілеглым чынам, трактуецца шматлікімі плынямі замежнай эстэтыкі ХХ ст. Суб’ектывісцкія школы інтуітывісцка-ірацыянальнага накірунку (заснавальнікі Б. Крочэ, А. Бергсан і інш.) пад мастацтвам разумеюць "стыхійнае, неўсвядомленае самавыяўленне мастака"; у эстэтыцы неатамізму (Марытэн) мастацтва лічыцца ўвасабленнем боскай "духоўнай субстанцыі"; экзістэнцыялізм (Сартр) інтэрпрэтуе мастацтва як выяўленне мастацкімі сродкамі сутнасці індывіда ў "пагранічнай сітуацыі" паміж "быццём і небыццём"; фрэйдысцкая эстэтыка разглядае мастацтва як своеасаблівае выяўленне (альбо хаванне) у мастацка-пачуццёвай форме сексуальных памкненняў асобы; фенаменалогія трактуе мастацтва як феномен, які раскрываецца ў працэсе суб’ектыўнага перажывання.

Прыведзеныя вышэй, а таксама некаторыя іншыя канцэпцыі мастацтва і мастацкай творчасці аўтар аднаго з новых расійскіх падручнікаў па тэорыі літаратуры І. Волкаў дзеліць на тры асноўныя групы:

1) канцэпцыі сутнасці мастацтва як падражання жыццю (канцэпцыі Арыстоцеля, "бацькі царквы" Аўгусціна Блажэннага, французскага і еўрапейскага класіцызму і Асветніцтва);

2) канцэпцыі сутнасці мастацтва як суб’ектыўнай творчай здольнасці (канцэпцыі І. Канта, А. Шапэнгаўэра, прадстаўнікоў псіхалагічнай школы, З. Фрэйда, А. Бергсана, Б. Крочэ, еўрапейскіх фенаменолагаў, экзістэнцыялістаў, "неакрытыкаў", структуралістаў, прадстаўнікоў фармальнай школы);

3) аб’ектыўна-гістарычныя канцэпцыі мастацтва (канцэпцыі Гегеля, М. Чарнышэўскага, М. Дабралюбава, прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы, параўнальна-гістарычнага метаду альбо кампаратывістыкі, К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў). Крытычна адштурхоўваючыся ад распаўсюджанай сярод айчынных вучоных у 1930-1950-я гг. тэорыі "вобразнай сутнасці мастацтва", І. Волкаў разглядае тут жа (таксама пад пэўным крытычным "прыцэлам") дзве сучасныя канцэпцыі мастацтва, А. Бурава і Г. Паспелава, якія, калі так можна сказаць, бліжэй стаяць да спасціжэння ісціны ў сутнасці мастацтва і мастацкай творчасці. Асноўная думка, якую праводзіць І. Волкаў услед за гэтымі вучонымі, і асабліва ўслед за Г. Паспелавым, - гэта наяўнасць у мастацтва свайго спецыфічнага прадмета пазнання і ідэйна-эмацыянальнай ацэнкі: "Мастак, з пункту гледжання Паспелава, пазнае грамадскую характэрнасць жыцця дзеля таго, каб выразіць да яе свае грамадска-зацікаўленыя, ідэалагічныя адносіны. Але не ў сэнсе тэарэтычных форм ідэалогіі (філасофіі, палітычных дактрын і г. д.), а ў тым сэнсе, як гэта людзі робяць у паўсядзённым жыцці, - непасрэдна. Таму ў цэлым ён бачыць сутнасць мастацтва ў непасрэдным ідэалагічным пазнанні сацыяльнай характэрнасці чалавечага жыцця і звязанай з ёй звычайнай прыроды".

Зазначым, што І. Волкаву хоць і імпануе канцэпцыя мастацтва і мастацкай творчасці Г. Паспелава, аднак яе вучоны таксама лічыць не зусім дасканалай.

У сваім падручніку "Тэорыя літаратуры" І. Волкаў прыводзіць і даволі крытычна ацэньвае яшчэ адну сучасную айчынную канцэпцыю мастацтва і мастацкай творчасці, якая склалася ў значнай ступені пад уплывам фармальнай школы 1920-х гг., а таксама пад уплывам сучаснага фармальна-структурнага літаратуразнаўства, - канцэпцыю Ю. Лотмана, выкладзеную ім у кнізе "Аналіз паэтычнага тэксту". Сутнасць мастацкага твора разглядаецца тут як заключаная ў самім тэксце і толькі ў тэксце. Пры гэтым тэкст бярэцца як поўнасцю замкнёная ў сабе сістэма маўленчых знакаў, значэнне якіх самакаштоўнае і не выходзіць за рамкі дадзенага тэксту. Вучоны прама піша, што абстрагуецца ад іншых аспектаў (бакоў) мастацкага твора: "Праблемы сацыяльнага функцыянавання тэксту, псіхалагічнага ўспрымання, пры ўсёй іх яўнай важнасці, намі з разгляду выключаюцца; не разглядаем мы і пытанні стварэння і гістарычнага функцыянавання тэксту. Прадметам нашай увагі будзе паэтычны тэкст, узяты як асобнае, ужо закончанае і ўнутрана самастойнае цэлае".

Канцэпцыі сутнасці мастацтва Г. Паспелава і Ю. Лотмана недаацэньваюць, па І. Волкаву, "прамежкавае звяно паміж зыходным пазнавальна-ацэначным зместам і гатовым мастацкім тэкстам, г. зн. уласна творчы працэс, той самы працэс, які <. > пакладзены ў аснову "суб’ектыўна-творчых" канцэпцый мастацтва. Але апошнія абсалютызуюць значэнне гэтага звяна ў мастацкай творчасці, разглядаюць мастацтва як праяўленне чыста суб’ектыўнай творчай здольнасці мастака і на гэтай аснове адрываюць мастацтва ад рэчаіснасці і супрацьпастаўляюць ёй.

Таму, задача сучаснай тэорыі літаратуры заключаецца ў тым, - лічыць вучоны, - каб пераадолець усе гэтыя аднабаковасці і даць цэласнае ўяўленне аб сутнасці мастацкай творчасці, прасачыць, як з рэальнага аб’ектыўнага і суб’ектыўнага жыццёвага зместу творыцца ўласна мастацкі змест. Як ён набывае адпаведную форму і ператвараецца ў тэкст, як функцыянуе ўжо гатовы твор у рэальнай рэчаіснасці, у жыцці асобнага чалавека і ўсяго грамадства".


1.2 Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная


Пытанне сутнасці, прыроды мастацтва, яго спецыфікі хоць і застаецца па сённяшні дзень адкрытым, аднак у тэорыі мастацтва, поглядах на яго ёсць і бясспрэчныя моманты - свайго роду аксіёмы.

Па-першае, мастацтва мае творчы характар. Творчасць - гэта ініцыятыўная адухоўленая дзейнасць людзей дзеля захавання, перадачы і ўзбагачэння напрацаваных народамі і чалавецтвам у цэлым каштоўнасцей. Свет творчасці даволі багаты і шматпланавы. Творчы пачатак (у большай ці меншай ступені) прысутнічае ці не ва ўсіх формах дзейнасці людзей, уключаючы і самыя звычайныя - аж да паўсядзённых зносін і прыватных роздумаў, перажыванняў і г. д. Але найбольш поўна творчыя імпульсы і здольнасці людзей рэалізуюцца ў грамадскі важных сферах дзейнасці: навуковай, вытворча-тэхнічнай, дзяржаўна-палітычнай, філасофскай і, канешне ж, мастацкай. Нездарма мастацтва імянуюць менавіта мастацкай творчасцю.

Па-другое, мастацтва адносіцца да эстэтычных з’яў, г. зн. выклікае такія эмоцыі і перажыванні, якія ў першую чаргу ўздзейнічаюць на пачуцці чалавека, а ўжо потым асэнсоўваюцца ім разумова. Сфера эстэтычнага надзвычай шырокая. Эстэтычнае прысутнічае ў прыродзе, асабовых і грамадскіх адносінах, але не як абавязковае. Калі ж яно і ёсць, то не выступае ў якасці галоўнага і вызначальнага. У мастацтве ж эстэтычнае выходзіць на першы план, становіцца дамінуючым, набывае сваю сапраўдную паўнату і глыбіню.

Сувязі мастацтва са сферай эстэтычнага шматпланавыя. Па-першае, прадметам пазнання і ўзнаўлення ў мастацкіх творах становіцца жыццё ў яго эстэтычных якасцях і ўласцівасцях: усё тое ў рэальнасці, што "адрасавана" чалавечаму зроку і слыху. Па-другое, сам матэрыял мастацкіх вобразаў (гук у музычным творы, трохмерныя візуальна ўспрымальныя формы ў скульптуры, словы з іх фанетычным воблікам у літаратуры і г. д.) мае пачуццёвы характар і апелюе менавіта да эстэтычнага ўспрымання. І, нарэшце, эстэтычнае не толькі праламляецца ў творах мастацтва, але (і гэта ці не самае галоўнае) ствараецца ў выніку творчага акта. Мастацкія творы, што не ўспрымаюцца як эстэтычныя каштоўнасці, не выконваюць важнейшую і галоўнейшую з сваіх функцый.

мастацтва творчы характар

Аб творчым характары мастацтва і яго эстэтычнай прыродзе гаворыць таксама мастацкі вобраз, да разгляду спецыфікі якога мы звяртаемся ў наступным пытанні.


1.3 Мастацкі вобраз


У мастацтва як з’явы складанай і шматстайнай многа спецыфічных рыс. Аднак, відаць, самай спецыфічнай рысай мастацтва з’яўляецца яго вобразная прырода.

Па паходжанню слова "вобраз" старажытнагрэчаскае (эйдас) і ў перакладзе з гэтай мовы абазначае "воблік", "выгляд".

Вобразамі аперыруе не толькі мастацтва. Іх часам выкарыстоўваюць у дапаможных мэтах і некаторыя іншыя галіны пазнання і сацыяльнай свядомасці, як, напрыклад, філасофія і псіхалогія. Аднак дадзеныя вобразы, якія імянуюцца навукова-ілюстрацыйнымі альбо фактаграфічнымі, розняцца з уласна мастацкімі. Яны хоць і перадаюць канкрэтныя ўяўленні, г. зн. адлюстраванне чалавечай свядомасцю адзінкавых прадметаў (з’яў, фактаў, падзей) у іх пачуццёва ўспрымальным вобліку, але не згушчаюць іх, не канцэнтруюць істотныя для аўтара бакі жыцця ў імя іх ацэньваючага асэнсавання.

Асаблівую ролю ў стварэнні мастацкага вобраза адыгрывае ўяўленне творцы. Уяўленне мастака - гэта не толькі псіхалагічны стымул яго творчасці, але і нейкая дадзенасць, якая мае месца ў творы. У апошнім з дапамогай вымыслу прысутнічае прадметнасць, якая часам не мае сабе адпаведнасці ў рэальнасці.

Мастацкі вымысел як надзвычай важная састаўная частка мастацкага вобраза прысутнічае ў мастацтве з самага пачатку яго зараджэння. На самых ранніх этапах развіцця мастацтва ён, як правіла, не ўсведамляўся, бо архаічная свядомасць не размяжоўвала праўды гістарычнай і мастацкай. Аднак, пачынаючы ўжо з антычнасці (меркаванні Арыстоцеля ў яго славутай "Паэтыцы" наконт таго, што калі гісторык расказвае аб тым, што здарылася, дык паэт апавядае аб магчымым, аб тым, што магло адбыцца), гэтай катэгорыі і састаўной частцы мастацкага твора надаецца пэўная ўвага.

Мастакі Адраджэння і класіцызму пры ўсім іх імкненні наследаваць прыродзе ў мастацкіх творах таксама выкарыстоўвалі вымысел: запазычаныя імі ў старажытных сюжэты і персанажы ў кожным новым выпадку мастацкага ўзнаўлення якімсьці чынам трансфармаваліся, дадумваліся.

Асабліва моцна вымысел заявіў аб сабе ў эпоху рамантызму, калі ўяўленне і фантазія былі ўсвядомлены ў якасці важнейшых складнікаў чалавечага быцця.

У паслярамантычныя эпохі мастацкі вымысел крыху звузіў сваю сферу. У другой палове ХІХ - пачатку ХХ стст. пісьменнікамі-натуралістамі нават ставілася пытанне наконт таго, каб зусім вывесці вымысел з мастацтва ў імя дакументальна пацверджанага рэальнага факта.

Літаратура і мастацтва ХХ ст., як і раней, шырока абапіраюцца і на вымысел, і на нявыдуманыя падзеі і асобы. "Пры гэтым адказ ад вымыслу ў імя следавання праўдзе факта, у шэрагу выпадкаў апраўданы і плённы, наўрад ці можа стаць магістраллю мастацкай творчасці: без апоры на выдуманыя вобразы мастацтва і, у прыватнасці літаратуру, нельга ўявіць".

Прысутнасць у творах мастацкага вымыслу часам дае падставы вучоным і мастакам ставіць пытанне наконт жыццепадобнасці альбо ўмоўнасці адлюстраванага. Абедзве тэндэнцыі мастацкай вобразнасці прысутнічаюць у творчай практыцы, аднак адносіны да іх і з боку мастакоў, і з боку вучоных, а таксама рэцыпіентаў мастацтва (чытачоў, гледачоў, слухачоў і г. д.), розныя.

Размежаванне ўмоўнасці і жыццепадобнасці прысутнічае ўжо ў выказваннях Гётэ (артыкул "Аб праўдзе і праўдападобнасці ў мастацтве") і Пушкіна (нататкі аб драматургіі і яе непраўдападобнасці). Але асабліва напружана абмяркоўваліся суадносіны паміж імі ў айчыннай (ды і ва ўсёй сусветнай эстэтыцы) на рубяжы ХІХ-ХХ стст. Так, пафасна адкідваў усё непраўдападобнае і пераўвялічанае Л. Талстой (артыкул "Аб Шэкспіры і аб драме"). Для К. Станіслаўскага выраз "умоўнасць" быў ледзь не сінонімам слоў "фальш" і "ілжывы пафас". Абодва яны заканамерна арыентаваліся на вопыт і традыцыі рускай рэалістычнай літаратуры, вобразнасць якой была пераважна жыццепадобнай. З другога боку, многія дзеячы мастацтва пачатку ХХ ст. (напрыклад, У. Мейерхольд) аддавалі перавагу формам умоўным, часам абсалютызуючы іх значнасць і адвяргаючы жыццепадобнасць як нешта застарэлае і руціннае. У 1930-1950-я гг. жыццепадобныя формы як найбольш прыдатныя для літаратуры сацыялістычнага рэалізму (умоўнасць знаходзілася пад падазрэннем у роднасці з адыёзным фармалізмам - "параджэннем буржуазнай эстэтыкі") былі кананізаваны. У 1960-я гг. правы мастацкай умоўнасці былі зноў прызнаны. "Зараз, - сцвярджае В. Халізеў, - умацаваўся погляд, згодна з якім жыццепадобнасць і ўмоўнасць - гэта раўнапраўна і плённа ўзаемадзейныя тэндэнцыі мастацкай вобразнасці".

Акрамя мастацкага вымыслу ёсць яшчэ адно паняцце, без усведамлення якога нельга глыбока і па-сапраўднаму разабрацца ў сутнасці і спецыфіцы мастацкага вобраза, ва ўсякім разе, найбольш распаўсюджанага вобраза ў мастацтве - рэалістычнага. Гэта паняцце тыповага (тыпізацыі).

Слова "тып" (тыповае) выкарыстоўваецца ў дачыненні да мастацтва ў двух асноўных значэннях.

Па-першае, вучоныя і мастакі, адштурхоўваючыся ад першапачатковага сэнсу гэтага слова (ст. - гр. - узор, адбітак), падразумяваюць пад тыпамі прадметы стандартныя, пазбаўленыя індывідуальнай шматпланавасці, увасабляючыя нейкую пастаянную схему. Тып у дадзеным значэнні - гэта ўвасабленне і падкрэсліванне ў персанажы якойсьці адной рысы, адной чалавечай асаблівасці (ляноты, ілжывасці, сквапнасці і г. д.). Гэта, па А. Пушкіну, "тыпы адной (курсіў наш - В. Я.) страсці". Такое разуменне тыпа ідзе ад традыцый рацыяналізму ХVІІ-ХVІІІ стст. Асабліва многа такіх тыпаў у літаратуры класіцызму. Можа не ў такой ступені, як раней, але прысутнічаюць дадзеныя тыпы і ў літаратуры ХІХ-ХХ стст. (героі "Мёртвых душ" М. Гогаля, шэрагу твораў А. Чэхава, некаторых беларускіх пісьменнікаў пачатку і сярэдзіны ХХ ст. (К. Вясёлага, Ц. Гартнага і інш.).

Другое, больш шырокае разуменне тыпа, засноўваецца на асабліва яркім і поўным увасабленні ў персанажы не адной, а цэлага шэрагу характэрных (часам узаемавыключных) якасцей і рыс. Такія тыпы - гэта "жывыя твары", па А. Пушкіну. Тыповае ў шырокім яго разуменні валодае, як зазначыў Г. Паспелаў, "высокай ступенню характэрнасці". Такім чынам, дадзеныя тыпы ўжо можна і неабходна лічыць характарамі. Дакладней, менавіта такія тыпы вырастаюць з характараў.

Тэрмін "характар" ужываўся ўжо ў старажытнай Грэцыі. У кнізе "Характары" Феафраста, вучня Арыстоцеля, дадзеным паняццем абазначаюцца людзі як носьбіты якой-небудзь адной якасці і ўласцівасці, пераважна адмоўнай. Тут слова "характар" тоеснае пазнейшаму семантычнаму напаўненню слова "тып" (схематычнае і адналінейнае ўвасабленне нейкай адной знешняй, яўна бачнай чалавечай рысы).

У Новы час пад характарам сталі падразумяваць унутраную сутнасць чалавека, якая з’яўляецца складанай, шматпланавай і не заўсёды адкрываецца з першага погляду. У гэтым абноўленым значэнні дадзены тэрмін шырока выкарыстоўвалі Лесінг, Гегель, Маркс і Энгельс, прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы (І. Тэн і інш.), а таксама многія пісьменнікі і мастакі.

Паняцце характару як сацыяльна-гістарычнай канкрэтыкі чалавечага быцця стала цэнтральным у марксісцкім літаратуразнаўстве.

Тыпізавацца мастацкі характар можа з дапамогай самых розных сродкаў: аўтарскага апісання, партрэтнай абмалёўкі, розных кампазіцыйных прыёмаў, адцяняючых дэталей і г. д. Самы ж лепшы і дзейсны сродак тыпізацыі - гэта наданне персанажам індывідуальнай моўнай характарыстыкі. Наогул індывідуалізацыя - вельмі важны момант тыпізацыі мастацкага характару.

Зазначым, што ў поглядах на тыповае і тыпізацыю (у сэнсе прыёмаў, сродкаў, самога працэсу ўвасаблення тыповага) у айчынным літаратуразнаўстве няма адзінай думкі.

Па-першае, пад уласна тыповым часта падразумяваюць мастацкае ўзнаўленне ў творах не выключных, часам адзінкавых, але "выдатных у сваім родзе" (М. Чарнышэўскі) з’яў жыцця, а, наадварот, адлюстраванне падзей і фактаў ужо вядомых і шырока распаўсюджаных і, такім чынам, страціўшых сваю пазнавальна-эўрыстычную каштоўнасць.

Па-другое, тыпізацыю некаторыя вучоныя лічаць уласцівасцю толькі рэалістычнага мастацтва. Так, напрыклад, В. Халізеў зазначае: "Тэорыі тыпізацыі і ўзнаўлення характэрнага - гэта несумненны крок наперад у спасціжэнні мастацтва як пазнавальнай дзейнасці. Але гэтыя канцэпцыі, што ўмацаваліся ў ХІХ ст., у той жа час аднабаковыя. Ва ўсякім выпадку, яны не ахопліваюць усіх форм мастацкага засваення рэальнасці. Мастацкая славеснасць здольная спасцігаць рэальнасць і ў тых выпадках, калі яна не мае справы з характарамі і тыпамі. Так, у міфах, казках, народным эпасе героі здзяйснялі пэўныя ўчынкі, але пры гэтым не маглі атрымліваць якой-небудзь характарыстыкі".

Такі пункт гледжання не прымае І. Волкаў. З мэтай лепшага разумення пазіцыі вучонага, а таксама азнаямлення з пэўнай гістарыяграфіяй пытання, прывядзём, хоць і з некаторымі скарачэннямі, але ж усё-такі даволі аб’ёмную цытату з вядомага ўжо нам падручніка "Тэорыя літаратуры": "У нашым сучасным літаратуразнаўстве, - піша І. Волкаў, - шырока бытуе прапанаваная В. Дняпровым канцэпцыя, згодна з якой тыпізацыя ёсць уласцівасць толькі рэалістычнага мастацтва, у той час як другія разнавіднасці мастацкай творчасці ствараюць абагульненыя вобразы з дапамогай ідэалізацыі. На наш погляд, гэта надзвычай вузкае разуменне тыповага ў мастацтве. Па сутнасці, тое, што Дняпроў называе ідэалізацыяй, ёсць не што іншае, як адна з разнавіднасцей мастацкай тыпізацыі станоўчых уласцівасцей жыцця, згушчэнне, узбуйненне, завастрэнне станоўчай характэрнасці жыцця. Абагульняць з дапамогай ідэалізацыі абазначае, па В. Дняпрову, ствараць мастацкі вобраз "шляхам ачышчэння жыццёвага вобраза ад усяго, што не адпавядае яго ідэі, і шляхам дабаўлення ўсяго, што патрабуецца для поўнай адпаведнасці ідэалу". Але менавіта такім чынам - шляхам "ачышчэння" і "дабаўлення" дзеля больш выпуклага выяўлення родавага зместу - ажыццяўляецца і тыпізацыя ў рэалістычным мастацтве, прычым не толькі тыпізацыя станоўчых характараў, але і тыпізацыя адмоўных характараў. <. >

У аснове мастацкай творчасці ў любым выпадку ляжыць рэальная жыццёвая характэрнасць. І абагульненне ў мастацтве абавязкова мае на мэце ўзвядзенне гэтай характэрнасці ў ранг яе ўсеагульнай значнасці, што дасягаецца шляхам адбору, канцэнтрацыі і творчага "дадумвання" рэальнай характэрнасці ва ўяўленні мастака, г. зн. шляхам тыпізацыі. <. >

Іншая справа, што неабходна адрозніваць розныя прынцыпы тыпізацыі, якія адпавядаюць розным творчым метадам, у тым ліку і рэалізму. Рэалістычная тыпізацыя прадугледжвае праўдзівае мастацкае ўзнаўленне характараў і абставін, што гістарычна склаліся. Але, апроч такога, рэалістычнага прынцыпу тыпізацыі, заснаванага на гістарызме, сусветнае мастацтва ведае і іншыя прынцыпы тыпізацыі, якія таксама далі выдатныя ўзоры мастацкай творчасці. Напрыклад, характэрны для ранніх этапаў мастацкага развіцця - ад старажытнасці да ХVІІІ стагоддзя - прынцып мастацкай канцэнтрацыі рэальных жыццёвых характэрнасцей як убіраючых у сябе сутнасць жыцця ўсяго чалавечага роду, незалежна ні ад часу, ні ад сацыяльнага асяроддзя, г. зн. як тыповых для чалавецтва ў цэлым".

Такім чынам, мы ўшчыльную падыйшлі да азначэння мастацкага вобраза, якое даецца пераважнай большасцю сучасных айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў.

Мастацкі вобраз - гэта створаная пры дапамозе творчай фантазіі (вымыслу) і маючая эстэтычнае значэнне карціна рэчаіснасці ці духоўнага стану чалавека, у якой абагульненае, характэрнае, тыповае перадаецца праз індывідуальнае, адметнае, непаўторнае.

Стварацца і "апрадмечвацца" мастацкі вобраз можа па-рознаму, дакладней, з самага рознага "матэрыялу" ў залежнасці ад віду мастацтва, дзе гэта робіцца: напрыклад, колеровай і светла-ценевай гамы ў жывапісе, слоў і іх спалучэнняў у літаратуры, гукавой гамы ў музыцы і г. д. Такім чынам, мы пераходзім да відавай дыферэнцыяцыі мастацтва.


1.4 Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва


Відаў мастацтва альбо асобных, прыватных мастацтваў шмат. Гэта абумоўлена не толькі разнастайнасцю сродкаў і прыёмаў стварэння і пабудовы мастацкага вобраза, але і эстэтычнай шматграннасцю свету, а таксама разнастайнасцю эстэтычных запатрабаванняў чалавека.

Гегель вылучыў у свой час і ахарактарызаваў пяць т. зв. "вялікіх" мастацтваў. Гэта архітэктура, скульптура, жывапіс, музыка і паэзія. Сучасная эстэтычная і мастацтвазнаўчая думка вылучае каля паўтара дзесятка асобных відаў мастацтва. Найбольш вядомыя і шырока распаўсюджаныя сярод іх - гэта літаратура, архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, скульптура, жывапіс, графіка, музыка, харэаграфія, тэатр, кіно.

Такая шматстайная галерэя асобных відаў мастацтва, якія, зразумела, знаходзяцца ў цесных узаемасувязях і ўзаемадачыненнях паміж сабой, патрабуе пэўнай упарадкаванасці ўнутры іх і сістэматызацыі.

Найбольш распаўсюджанае і практычна агульнапрынятае размежаване відаў мастацтва адбываецца на аснове элементарных, знешніх, фармальных прыкмет твораў. Яшчэ Арыстоцель адзначаў, што віды мастацтва адрозніваюцца сродкамі падражання. Прыкладна гэтак жа на дадзеную праблему глядзелі Лесінг і Гегель. Большасць сучасных мастацтвазнаўцаў лічыць, што межы паміж відамі мастацтва вызначаюцца формамі, спосабамі мастацкага выражэння (у слове, бачных выявах, у гуках і г. д.). Такім чынам, за аснову бярэцца свой, уласны, асаблівы і спецыфічны для кожнага з відаў мастацтва матэрыяльны носьбіт вобразнасці.

Побач з прыведзенай існуе і іншая, т. зв. "катэгарыяльная" трактоўка відаў мастацтва. Яна ідзе ад эпохі рамантызму. У гэтай трактоўцы не надаецца асаблівай увагі носьбітам вобразнасці, а на першы план выходзяць такія агульнабыційныя і агульнамастацкія катэгорыі, як паэтычнасць, музычнасць, жывапіснасць, якія, як лічыцца, прысутнічаюць у любых формах мастацтва.

Наогул жа, з улікам і першай, і другой канцэпцый, а таксама на аснове некаторых іншых адзнак і прыкмет, вылучаюць мастацтвы выяўленчыя і экспрэсіўныя; прасторавыя і часавыя, а таксама прасторава-часавыя; слыхавыя і зрокавыя; выканаўчыя і невыканаўчыя; простыя (альбо аднасастаўныя) і сінкрэтычныя (альбо шматсастаўныя); відовішчныя (ігравыя); прыкладныя (працоўныя) і г. д.

Як бачна, зыходных момантаў, на якіх грунтуецца класіфікацыйнае азначэнне, шмат. Адпаведна і шмат схем-класіфікацый відаў мастацтва. Толькі ў нашай айчыннай навуцы іх каля дзесятка. Для прыкладу прывядзём дзве з іх: класіфікацыю аднасастаўных мастацтваў вядомага вучонага Г. Паспелава, прыведзеную ў яго кнізе "Искусство и эстетика. - М., 1984"; і, так бы мовіць, "універсальную" класіфікацыю мастацтваў з падручніка "Марксистско-ленинская эстетика. - М., 1983".

Схема класіфікацыі аднасастаўных мастацтваў

з кнігі Г. Паспелава "Искусство и эстетика"


Мастацтвы Выяўленчыя Экспрэсіўныя
Часавыя

Эпічная

славеснасць

Лірычная славеснасць

Музыка

Прасторава-часавыя Пантаміма Танец
Прасторавыя

Жывапіс

Скульптура

Архітэктура

Схема класіфікацыі відаў мастацтва

з падручніка "Марксистско-ленинская эстетика"

Прыкладныя

(працоўныя)

мастацтвы

Архітэктура

Дэкаратыўна-

прыкладное

мастацтва


Прасторавыя

мастацтвы


Выяўленчыя

мастацтвы

Скульптура

Жывапіс

Графіка

Мастацкая

фатаграфія


Мастацтва слова

Мастацтва гука

Літаратура

Музыка

Часавыя

мастацтвы


Відовішчныя

("ігравыя")

мастацтвы

Харэаграфія

Кіно

Тэлебачанне

Эстрада

Цырк


Прасторава-часавыя

мастацтвы



Унутры відаў мастацтва (практычна ў кожным з іх) ёсць свая пэўная, часам даволі шматступянёвая і складаная, дыферэнцыяцыя.


1.5 Пазнавальны аспект мастацтва


Пазнанне праз творы мастацтва пазамастацкай рэальнасці (прыроды, акаляючага асяроддзя, унутранага свету чалавека, грамадскіх адносін) - адна з немалаважных функцый мастацтва.

Пазнавальны аспект мастацтва быў намі часткова закрануты пры разглядзе спецыфікі і структуры мастацкага вобраза. Зараз жа на самых значных момантах гэтага боку мастацтва мы спынімся больш падрабязна.

Пазнавальны аспект мастацтва выяўляецца непасрэдна ў тэматыцы, якая складае неад’емны і пры гэтым фундаментальны пачатак мастацкіх твораў.

Па паходжанню слова "тэма" ("тэматыка") старажытнагрэчаскае (thema) і абазначае літаральна "тое, што пакладзена ў аснову". У мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве яно выкарыстоўваецца ў розных значэннях. Аднак сярод іх можна вылучыць два асноўныя.

Па-першае, тэмамі імянуюць найбольш істотныя кампаненты мастацкай структуры, аспекты формы, апорныя прыёмы. У літаратуры - гэта значэнне ключавых слоў, тое, што імі фіксуецца. Так, напрыклад, для рамантыкаў характэрна выкарыстанне слоў "воля", "свабода", "барацьба" і г. д. Музыказнаўства таксама выкарыстоўвае тэрмін "тэма" менавіта ў такім значэнні: гэта найбольш яркі музычны фрагмент, які дае характарыстыку ўсяму твору. У дадзенай тэрміналагічнай традыцыі тэма збліжаецца (калі не атаясамліваецца) з матывам.

Другое значэнне тэрміна "тэма", найбольш традыцыйнае, якое ідзе ад тэарэтычных вопытаў мінулага стагоддзя, абазначае непасрэдна ўсё тое, што стала прадметам аўтарскага адлюстравання, асэнсавання і ацэнкі. І менавіта ў такім значэнні мы будзем яго ўжываць далей.

Мастацкая тэматыка надзвычай складаная і шматпланавая. Ідучы ўслед за В. Халізевым, мы будзем разглядаць яе "як сукупнасць трох пачаткаў. Гэта, па-першае, анталагічныя і антрапалагічныя універсаліі, па-другое - лакальныя (часам даволі маштабныя) культурна-гістарычныя з’явы, па-трэццяе - феномены індывідуальнага жыцця (перш за ўсё - аўтарскага) у іх самакаштоўнасці".

У мастацкіх творах увесь час адлюстроўваюцца (хоча таго аўтар ці не) т. зв. канстанты быцця, яго фундаментальныя ўласцівасці. Гэта перш за ўсё такія важнейшыя быційныя і прыродныя пачаткі (універсаліі), як хаос і космас, рух і нерухомасць, жыццё і смерць, свет і цемень, агонь і вада, і г. д. Усё пералічанае складае комплекс т. зв. "анталагічных" тэм мастацтва.

Шматстайны таксама і антрапалагічны аспект мастацкай тэматыкі. Ён уключае ў сябе, па-першае, уласна духоўныя пачаткі чалавечага быцця з іх антыноміямі (адчужанасць і прыналежнасць, гордасць і пакорлівасць, жаданне ствараць ці разбураць, грахоўнасць і праведнасць, і г. д.); па-другое, сферу інстынктаў, звязаных з душэўна-цялеснымі памкненнямі чалавека, куды адносяць лібіда, імкненне да ўлады, матэрыяльных благ, прэстыжных рэчаў, камфорту і г. д.; па-трэццяе, тое ў людзях, што вызначаецца іх палавой прыналежнасцю (мужнасць, жаноцкасць) і ўзростам (дзяцінства, юнацтва, сталасць, старасць); і, нарэшце, па-чацвёртае, гэта надэпахальныя сітуацыі чалавечага жыцця, гістарычна ўстойлівыя формы існавання людзей (праца і адпачынак, будні і святы, канфліктныя і гарманічныя пачаткі рэальнасці, мірнае жыццё і войны ці рэвалюцыі, жыццё ў сваёй краіне ці на чужыне, і г. д.). Падобныя сітуацыі складаюць сферу дзеянняў і намаганняў, нярэдка - пошукаў і прыгод, імкненняў чалавека ажыццявіць свае мэты.

Пералічаныя, а таксама некаторыя іншыя быційныя пачаткі, прыходзячы ў мастацтва, складаюць багаты і шматпланавы комплекс т. зв. "вечных тэм", многія з якіх "архетыпічныя" і бяруць свае пачаткі ў міфалагічнай архаіцы. Гэтая грань мастацкай творчасці з’яўляецца здабыткам усіх краін і эпох. Яна выступае альбо ў якасці яўнага цэнтру твора, альбо прысутнічае ў ім падспудна. А можа нават і не ўсведамляцца аўтарам (т. зв. міфалагічны падтэкст).

У сваім звароце да "вечных тэм" мастацтва крыху родніцца з анталагічна арыентаванай філасофіяй і вучэннем аб прыродзе чалавека (антрапалогіяй). Зазначым таксама, што праламленне ў мастацтве быційных канстант стала прадметам асаблівай увагі прадстаўнікоў шэрагу літаратуразнаўчых школ (міфалагічнай, неаміфалагічнай, псіхааналітычнай).

Побач з універсаліямі ўсяленскага, прыроднага і чалавечага быцця (і ў непарыўнай сувязі з імі) мастацтва ўвасабляе таксама культурна-гістарычную рэальнасць у яе шматпланавасці і багацці.

Так, мастацтвам спасцігаюцца і перадаюцца рысы плямён, народаў, нацый, рэлігійных канфесій, уласцівасці дзяржаўных утварэнняў і буйных геаграфічных рэгіёнаў, якія маюць пэўную культурна-гістарычную спецыфіку (напрыклад, Заходняя і Усходняя Еўропа, Далёкі і Блізкі Усход, лацінаамерыканскі свет і г. д.). Рэцыпіенты мастацтва даведваюцца пры гэтым аб асаблівасцях свядомасці (менталітэту) таго альбо іншага народа, нацыі, іх культурных традыцый, формах зносін, бытавым укладзе, рытуальна-абрадавых дзействах, этыкеце і г. д.

У сувязі з толькі што адзначаным паўстае даволі цікавае і вельмі важнае, асабліва для нас, беларусаў, пытанне аб важнасці звароту мастакоў менавіта да сваёй роднай, нацыянальнай тэматыкі. Па-першае, ніхто не скажа лепш і грунтоўней пра пэўную краіну, народ, як гэта зробіць прадстаўнік менавіта дадзенай краіны, народа. Па-другое, шэдэўры сусветнага мастацтва маюць канкрэтную нацыянальную прывязку. Яны менавіта і моцныя гэтым. Наднацыянальнага мастацтва не існуе. Гэта аксіёма. Як зазначыў у свой час адзін з вядомых іспанскіх пісьменнікаў М. дэ Унамуна, цытату якога В. Халізеў прыводзіць у сваім падручніку, "Шэкспір, Дантэ, Сервантэс, Ібсэн належаць усяму чалавецтву якраз таму, што адзін з іх быў англічанін, другі - фларэнціец, трэці - касцілец, чацвёрты - нарвежац".

Істотным звяном мастацкай тэматыкі становяцца таксама з’явы гістарычнага часу. Мастацтва ўсё больш і больш засвойвае жыццё народаў, рэгіёнаў і ўсяго чалавецтва ў яго дынаміцы. Яно праяўляе цікавасць да мінулага, часам вельмі далёкага. Сюды можна аднесці быліны, эпічныя песні, балады, гістарычную драматургію і раманістыку. Прадметам мастацкага пазнання становіцца таксама і будучае (жанры утопіі і антыутопіі). Але найбольш важнай для мастацтва з’яўляецца сучаснасць. Яна для мастака павінна выступаць у якасці першачарговай тэмы, нават, можна сказаць, своеасаблівай "звыштэмы". Без сучаснасці няма сапраўднага і паўнацэннага мастацтва.

Побач з тэмамі "вечнымі" (універсальнымі) і нацыянальна-гістарычнымі (лакальнымі, але ў той жа час надындывідуальнымі) ў мастацтве адлюстроўваецца і непаўторна індывідуальны, духоўна-біяграфічны вопыт саміх аўтараў. Пры гэтым мастацкая творчасць выступае як самапазнанне. Дадзены бок тэматыкі мастацтва В. Халізеў прапануе імянаваць экзістэнцыяльным. У якасці прыкладу можна прывесці такія, далёкія ад нас па часе напісання творы, як "Споведзь" Аўгусціна Блажэннага, "Боская камедыя" Дантэ, "Споведзь" Русо. Самараскрыццё аўтара, якое носіць у многіх выпадках спавядальны характар, складае значны пласт літаратуры ХІХ-ХХ стст. Пісьменнікі расказваюць у такіх творах пра складаныя, часам надзвычай драматычныя, а то і трагічныя калізіі ўласнага і грамадскага існавання.

Мастацкае самапазнанне і адлюстраванне аўтарскіх экзістэнцый, безумоўна, дамінуе ў лірыцы, якая з’яўляецца пераважна "аўтапсіхалагічнай".

Асабісты і аўтабіяграфічны пласты мастацкай тэматыкі з’яўляліся аб’ектам асаблівай увагі прадстаўнікоў біяграфічнага метаду (Ш. Сент-Бёў і інш.). На іх таксама рабілі пэўную стаўку прадстаўнікі імпрэсіяністычнай крытыкі ў асобах Р. дэ Гурмона, І. Аненскага, Ю. Айхенвальда і інш.

Ёсць у складзе мастацкай тэматыкі яшчэ адзін бок. Мастацтва часам засяроджваецца на самім сабе. Аб гэтым сведчаць, па-першае, літаратурныя творы аб мастаках і іх тварэннях, такія, напрыклад, як "Пакуты маладога Вертэра" І. Гётэ, "Егіпецкія ночы" А. Пушкіна, "Партрэт" М. Гогаля, "Майстар і Маргарыта" М. Булгакава, "Доктар Фаустус" Т. Мана і інш. Па-другое, у шэрагу твораў стылізацыйнага і парадыйнага характару ўвага аўтараў засяроджваецца на папярэдніх славесна-мастацкіх формах.

Унутрымастацкія тэмы хоць і не з’яўляюцца рэдкасцю, аднак цэнтр і дамінанту мастацкай тэматыкі складае ўсё-такі пазамастацкая, звычайная рэальнасць. Мастацкая творчасць у яе высокіх узорах, як правіла, не замыкаецца на самой сабе.

Абазначаныя намі аспекты мастацкай тэматыкі не ізаляваны адзін ад аднаго. Яны актыўна ўзаемадзейнічаюць і здольныя складаць цэлыя тэматычныя "сплавы".

Тэматыка з яе шматлікімі гранямі можа ўвасабляцца ў творы адкрыта, напрамую, праграмна, экспліцытна альбо апасродкавана, ускосна, падтэкстава, імпліцытна (абодва тэрміны - "экспліцытна" і "імпліцытна" - належаць В. Халізеву). Другі, імпліцытны від увасаблення тэматыкі, даволі часта выкарыстоўваецца паэтамі.

Як бы падсумоўваючы, зазначым, што важнейшую тэму, нават, можна сказаць, "звыштэму" мастацтва складае чалавек у самых розных праявах яго быцця. Тут і універсальныя (антрапалагічныя) уласцівасці і якасці чалавека; і рысы, сфарміраваныя культурнай традыцыяй і акаляючым асяроддзем; і непаўторныя індывідуальныя пачаткі. Спасцігаючы "чалавечую рэальнасць" і ўвасабляючы эстэтычную сутнасць быцця, мастацтва настойліва пазбягае абстракцый, якімі карыстаюцца навука і філасофія.

Завяршыць размову пра пазнавальны аспект мастацтва хацелася б сцверджаннем І. Волкава: "<. > пры ўсім аграмадным значэнні пазнавальнай функцыі мастацтва яна не вычэрпвае яго сутнасці. Больш таго, будучы ў той альбо іншай меры заўсёды характэрным для мастацкай творчасці пазнанне не з’яўляецца разам з тым яго самамэтай. Яно падначалена ў мастацтве больш агульнай яго мэце - ажыццяўленню пашыраных канкрэтна-пачуццёвых зносін людзей са светам і яго духоўна-асабоваму засваенню".


1.6 Аўтарскі пачатак у мастацтве


Кожны мастацкі твор з’яўляецца плёнам працы канкрэтнага чалавека - аўтара (ад лац. au (с) tor - суб’ект дзеяння, заснавальнік, стваральнік, настаўнік) - і, зразумела, так ці інакш нясе ў сабе адбітак індывідуальнасці творцы. Як зазначае В. Халізеў, "аўтарская суб’ектыўнасць арганізуе твор і, можна сказаць, параджае яго мастацкую цэласнасць. Яна складае неад’емную, універсальную, важнейшую грань мастацтва (побач з яго ўласна эстэтычнымі і пазнавальнымі пачаткамі). "Дух аўтарства" не проста прысутнічае, але дамінуе ў любых формах мастацкай дзейнасці: і пры наяўнасці ў твора індывідуальнага творцы, і ў сітуацыях групавой, калектыўнай творчасці, і ў тых выпадках (зараз пераважаючых), калі аўтар названы і калі яго імя ўтоена (ананімнасць, псеўданім, містыфікацыя)".

Ёсць тры моманты выўлення аўтарства ў мастацтве і адпаведна тры разуменні значэння слова "аўтар". Па-першае, гэта стваральнік мастацкага твора як рэальная асоба з пэўным лёсам, біяграфіяй, комплексам індывідуальных рыс. Па-другое, гэта вобраз аўтара, лакалізаваны ў мастацкай тканіне твора (жывапісным палатне, тэксце, камені і г. д.). І нарэшце, па-трэцяе, аўтар выступае ў якасці суб’екта мастацкай дзейнасці, г. зн. той асобы, якая пэўным чынам падае і асвятляе рэальнасць, а таксама яе ацэньвае.

На розных стадыях развіцця мастацтва аўтарская суб’ектыўнасць паўстае ў розных вобліках. У фальклоры і ранняй пісьменнасці аўтарства было пераважна калектыўным, а яго "індывідуальны кампанент" заставаўся, як правіла, ананімным. Калі твор і суадносіўся з імем яго стваральніка (Псалмы Давіда, байкі Эзопа, гімны Гамера і інш.), дык толькі дзеля аўтарытэту, а не аўтарства. Імя аўтара не звязвалася з уяўленнямі аб якойсьці асаблівай манеры пісьма, стылі, а таксама аб выбранай пазіцыі. На гэтай стадыі развіцця мастацтва і культуры ў цэлым "твор хутчэй за ўсё ўсведамляецца як плод жыццядзейнасці калектыву, чым як тварэнне адной асобы".

Але ўжо ў мастацтве Старажытнай Грэцыі даў аб сабе знаць індывідуальна-аўтарскі пачатак, пра што, калі браць, напрыклад, літаратуру - той від мастацтва, які нас цікавіць у першую чаргу, - сведчаць трагедыі Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда. Індывідуальнае і адкрыта заяўленае аўтарства ў наступныя эпохі праяўляла сябе ўсё больш актыўна, а ў Новы час пачало дамінаваць над калектыўнасцю і ананімнасцю.

Разам з тым на працягу шэрагу стагоддзяў (аж да ХVІІ-ХVІІІ стст., калі з’яўлялася надзвычай уплывовай нарматыўная эстэтыка класіцызму) творчая ініцыятыва мастакоў была абмежаванай і ў значнай ступені скаванай патрабаваннямі (нормамі, канонамі) жанраў і стыляў, якія ўжо склаліся. Мастацкая свядомасць з’яўлялася традыцыяналісцкай.

На працягу двух апошніх стагоддзяў характар літаратурнага, ды і ўсяго мастакоўскага аўтарства, прыкметна змяніўся. Вырашальную ролю адыграла пры гэтым эстэтыка сентыменталізму, і асабліва рамантызму, якая моцна пацясніла і, можна сказаць, адкінула ў мінулае прынцып традыцыяналізму. "Цэнтральным "персанажам" літаратурнага працэсу стаў не твор, падначалены канону, а яго стваральнік; цэнтральнай катэгорыяй паэтыкі - не стыль альбо жанр, а аўтар". Калі раней (да ХІХ ст.) аўтар, як правіла, арыентаваўся на аўтарытэтную традыцыю (жанравую і стылёвую), то зараз ён настойліва і смела дэманструе сваю творчую свабоду. Аўтарская суб’ектыўнасць пры гэтым актывізуецца і атрымлівае новую якасць. Яна становіцца індывідуальна-ініцыятыўнай, асабовай і, як ніколі раней, багатай і шматпланавай. Мастацкая творчасць пры такіх варунках усведамляецца менавіта як увасабленне "духу аўтарства".

Формы прысутнасці аўтара ў творы даволі шматстайныя.

Аўтар дае аб сабе знаць перш за ўсё як носьбіт таго альбо іншага ўяўлення аб рэальнасці. І гэта вызначае прынцыповую значнасць у складзе мастацтва яго ідэйна-сэнсавага боку, - таго, што на працягу ХІХ-ХХ стст. імянуюць, як правіла, "ідэяй" (ад ст. - грэч. idea - паняцце, уяўленне). Ідэя твора - гэта выражэнне ў ім цэлага комплексу думак і пачуццяў, што належаць творцу.

Мастацкая ідэя (канцэпцыя аўтара), якая прысутнічае ў творы, уключае ў сябе накіраваную інтэрпрэтацыю і ацэнку аўтарам пэўных жыццёвых з’яў, а таксама ўвасабленне філасофскага погляду на свет у яго цэласнасці, суаднесенае з духоўным самараскрыццём аўтара.

Мастацкія ідэі (канцэпцыі) адрозніваюцца ад навуковых, філасофскіх, публіцыстычных абагульненняў іх месцам і роляю ў духоўным жыцці чалавека. Абагульненні мастакоў (уласна мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў і інш.) нярэдка папярэднічаюць пазнейшаму светаразуменню, творцы выступаюць часта ў якасці прадвеснікаў і прарокаў.

Разам з тым у мастацтве, перш за ўсё ў славесным, шырока адлюстроўваюцца ідэі, канцэпцыі, ісціны, якія ўжо ўмацаваліся ў грамадстве. Мастак выступае ў дадзеным выпадку як рупар традыцыі, яго мастацтва дадаткова пацвярджае агульнавядомае, ажыўляючы пры гэтым яго, надаючы яму вастрыню, своечасовасць і новую пераканальнасць. Творы падобнай змястоўнай напоўненасці пранікнённа і хвалююча напамінаюць людзям аб тым, што, стаўшы звыклым і само сабой зразумелым, аказалася напаўзабытым, сцёртым у свядомасці, але не страціўшым сваёй каштоўнасці. Мастацтва ў дадзеным выпадку ўваскрашае старыя ісціны, даючы ім новае жыццё.

Пры ўсёй важнасці і значнасці ідэйнага боку мастацкага твора мастакоўская суб’ектыўнасць не зводзіцца толькі да рацыянальнага засваення, да ўласна асэнсавання рэчаіснасці. Аўтар, як правіла, заўсёды гаворыць больш, чым хацеў і задумваў. Такім чынам, у творах мастацтва вельмі часта прысутнічае нешта падспуднае, ненаўмыснае, сімптаматычнае.

Ненаўмысная, сімптаматычная суб’ектыўнасць шматпланавая. "Гэта перш за ўсё тыя "аксіяматычныя" ўяўленні (уключаючы вераванні), у свеце якіх жыве стваральнік твора як чалавек, укаранёны ў пэўнай культурнай традыцыі. Гэта таксама "псіхаідэалогія" грамадскай групы, да якой належыць пісьменнік і якой надавалі вырашальнае значэнне літаратуразнаўцы-сацыёлагі 1910-1920-х гадоў на чале з В. Пераверзевым. Гэта, далей, выцесненыя са свядомасці мастака хваравітыя комплексы, у тым ліку і сексуальныя, якія вывучаў З. Фрэйд. І, нарэшце, гэта надэпахальнае, узыходзячае да гістарычнай архаікі "калектыўнае бессвядомае", здольнае складаць "міфапаэтычны падтэкст" мастацкіх твораў, аб чым гаварыў К.Г. Юнг".

У мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве ХХ ст. неўсвядомленыя і сімптаматычныя бакі аўтарскай суб’ектыўнасці нярэдка вылучаюцца на першы план і пры гэтым абсалютызуюцца. Творчая воля, свядомыя намеры, духоўная актыўнасць мастака абходзяцца маўчаннем, недаацэньваюцца альбо ігнаруюцца па сутнасці. Такая практыка непрымальная, бо хварэе аднабаковасцю. На ўсе аўтарскія "адхіленні" трэба глядзець у комплексе, праз агульную прызму ідэйна-эмацыянальнай напоўненасці і скіраванасці твора.

Акрамя ўсвядомленага асэнсавання жыцця і стыхійных "уварванняў" душэўнай сімптаматыкі мастакоўская суб’ектыўнасць уключае ў сябе таксама перажыванне аўтарам асабістай творчай энергіі, якое імянуецца натхненнем. Вырашэнню творчых задач, якія ставіць перад сабой аўтар, так ці інакш спадарожнічае напружаная засяроджанасць на іх, амаль поўная заглыбленасць у дадзеныя праблемы. "Пакуты творчасці" даюць пэўны плён і суправаджаюцца радасным адчуваннем асабістых здольнасцей, магчымасцей, своеасаблівым душэўным пад’ёмам, які і можна назваць натхненнем. Таленавітыя паэты, пісьменнікі даволі часта ў стане натхнення пішуць як бы пад дыктоўку аднекуль звонку, "звысоку", фіксуючы менавіта самыя патрэбныя словы.

Шэраг мастацкіх тварэнняў нясуць на сабе адбітак нязмушанай лёгкасці, артыстызму, весялосці, "мацэрціянства", як часам выражаюцца. Адзначаная акалічнасць дала падставы вучоным-мастацтвазнаўцам суаднесці мастацтва з гульнёй і вылучыць у ім побач з іншымі і дадзены пачатак. Аб тым, што ў мастацтве прысутнічаюць элементы гульні, гаварылі ў свой час многія вядомыя мастакі і вучоныя. Некаторыя з іх, як, напрыклад, Т. Ман, Ф. Ніцшэ, Х. Артэга-і-Гасэт, Р. Барт і нават Л. Талстой, спрабавалі абсалютызаваць гульнявы пачатак у мастацтве, што не зусім правільна. Як зазначае В. Халізеў, "гульня (як і ўсе іншыя формы культуры) мае пэўныя межы і рамкі. Гульнявы пачатак так ці інакш афарбоўвае творчую (у тым ліку і мастацкую) дзейнасць чалавека, яе стымулюе і суправаджае. Але гульня як такая прынцыпова адрозніваецца ад мастацтва: калі гульнявая дзейнасць непрадуктыўная, дык мастацкая творчасць накіравана на вынік - на стварэнне твора як каштоўнасці. Пры гэтым гульнявая афарбоўка мастацка-творчага працэсу і самога яго прадукта можа быць не так ужо і ярка выражанай, а то і зусім адсутнічаць. Прысутнічае ж гульнявы пачатак у сапраўдных мастацкіх творах галоўным чынам у якасці "абалонкі" аўтарскай сур’ёзнасці. Адно з яркіх сведчанняў таму - паэзія Пушкіна, у прыватнасці раман "Яўген Анегін".

Дзейнасць пісьменніка, які так ці інакш "апрадмечвае" ў творы сваю свядомасць, стымулюецца і накіроўваецца яго біяграфічным вопытам і жыццёвымі паводзінамі. На гэтую акалічнасць вучоныя пачалі звяртаць асаблівую ўвагу, пачынаючы з часоў умацавання біяграфічнага метаду ў літаратурнай навуцы (Ш. Сент-Бёў і інш.). Пры гэтым уплыў на творы, асабліва на іх змястоўны бок, біяграфіі пісьменніка, яго індывідуальнага жыццёвага вопыту і манеры паводзін часам моцна пераўвялічваўся. Сёння ж для пераважнай большасці сур’ёзных вучоных аксіяматычнай з’яўляецца думка, што нават тады, калі твор наскрозь аўтабіяграфічны, асобу аўтара нельга ні ў якім разе поўнасцю атаясамліваць ні з галоўным персанажам-прататыпам, ні з суб’ектам, ад імя якога вядзецца апавяданне.

У ХХ ст. атрымаў пэўнае распаўсюджанне і пункт гледжання, згодна з якім мастацкая дзейнасць поўнасцю ізалявана ад духоўна-біяграфічнага вопыту творцы. Нават болей: аўтар - гэта нейкая напаўміфічная істота: яго няма ні да напісання тэксту, ні пасля таго, як тэкст завершаны; паўнату ўлады над напісаным мае толькі чытач. Менавіта так глядзіць на ўзаемадачыненні аўтара і твора пераважная большасць заходніх структуралістаў і постструктуралістаў, і ў першую чаргу вядомы французскі вучоны Р. Барт. Дадзены падыход атрымаў назву "канцэпцыі смерці аўтара". Як піша В. Халізеў, "у аснове бартаўскай канцэпцыі - ідэя не маючай меж актыўнасці чытача, яго поўнай незалежнасці ад стваральніка твора. Гэтая ідэя далёка не новая. У Расіі яна ўзыходзіць да прац А.А. Патэбні. Але менавіта Р. Барт давёў яе да крайнасці і супрацьпаставіў адзін аднаму чытача і аўтара як не здольных да зносін, сутыкнуў іх ілбамі, палярызаваў, загаварыў аб няўхільнай адчужанасці і варожасці адзін аднаму. Пры гэтым свабоду і ініцыятыву чытача ён асэнсаваў як эсэісцкае самавольства. Ва ўсім гэтым бачыцца сувязь бартаўскай канцэпцыі з тым, што імянуюць постмадэрнісцкай пачуццёвасцю.

Канцэпцыю смерці аўтара, якая, несумненна, мае перадумовы і стымулы ў мастацкай і калямастацкай практыцы нашага часу, правамоцна <. > расцаніць як адну з праяў крызісу культуры і, у прыватнасці, гуманітарнай думкі".

Аўтарскі пачатак надзвычай моцна дае аб сабе знаць таксама і ў агульнай танальнасці твора, якая можа быць у цэлым жыццесцвярджальнай альбо песімістычнай, а ў непасрэдна-канкрэтным напаўненні і выяўленні - гераічнай, трагічнай, драматычнай, сентыментальнай, рамантычнай, камічнай і г. д. У айчыннай, ды і замежнай літаратурнай навуцы і эстэтыцы, няма адзінага тэрміна, якім бы абазначаліся героіка, трагізм, драматызм, сентыментальнасць, рамантыка, камізм і іншыя падобныя і паўтаральныя час ад часу ў складзе твораў сусветнага мастацтва прыкметы і ўласцівасці. Нашыя вучоныя імянуюць іх то відамі пафасу (Г. Паспелаў), то тыпамі мастацкага зместу (І. Волкаў) альбо тыпамі аўтарскай эмацыянальнасці (В. Халізеў) і г. д. Такога роду "розначытанні" ўзнікаюць на глебе многіх фактараў, аднак галоўнае месца ўсё-такі адыгрывае тут даследчыцкая метадалогія, а таксама пункт гледжання, а, дакладней, ракурс (як, напрыклад, аўтарскі ў В. Халізева), пад якім вучоныя глядзяць на дадзеную праблему.


1.7 Аксіялагічны аспект мастацтва


Даўно вядома і ўсімі прызнана, што мастацтва адыгрывае ў жыцці кожнай канкрэтнай асобы і грамадства ў цэлым велізарную ролю. Такім чынам, з усёй паўнатой паўстае пытанне аксіялагічнага альбо каштоўнаснага (ад ст. - гр. аxios - каштоўны) боку мастацтва.

Мастацтва, а дакладней, сапраўднае мастацтва, арыентуючыся на каштоўнасці, спасцігаючы і асвятляючы рэальнасць у суаднесенасці з імі, адпаведна арыентуе на гэта і сваіх рэцыпіентаў.

Умоўна каштоўнасці, якія спасцігае і на якія накіроўвае мастацтва, можна падзяліць на дзве групы. Першыя - гэта каштоўнасці універсальныя, як правіла, агульначалавечага і агульнабыційнага характару (воля, мір, годныя чалавека нормы жыцця і г. д.). Іх яшчэ можна назваць анталагічнымі альбо вышэйшымі. Да другой групы адносяцца т. зв. "лакальныя" каштоўнасці. Гэта тое, што з’яўляецца важным, дарагім, святым для асобных чалавечых груп і канкрэтных людзей (нацыянальныя і сямейна-родавыя традыцыі, прыроднае асяроддзе, пэўны індывідуальны вопыт і інш.).

Цікава, што ўяўленні як аб другіх, лакальных каштоўнасцях, так і ў некаторай ступені аб першых, універсальных, могуць паступова мяняцца на працягу гістарычнага часу, што адпаведна знаходзіць выяўленне ў творах мастацтва.

Так, у еўрапейскай антычнасці галоўнымі, вышэйшымі дабротамі лічыліся прыгажосць, суразмернасць, ісціна; у хрысціянскім сярэднявеччы найбольш уплывовай была трыяда "вера - надзея - любоў"; у эпоху Адраджэння найвышэйшы статут набылі даброты фартуны (багацце, прызнанне), цела (сіла, здароўе, прыгажосць), душы (востры розум, светлая памяць, воля, маральныя дабрачыннасці); рацыяналістычная эпоха (ХVІІ-ХVІІІ стст.) больш за ўсё вітала розум; у часы, калі стаў уплывовым антырацыяналізм ніцшэянскага кшталту, на сцягі сталі ўздымацца стыхійныя парыванні чалавека, яго сіла і здольнасць уладарыць. Сведчанні змены каштоўнасных арыентацый чалавецтва можна было б множыць і множыць.

Рэальнасць з яе супярэчнасцямі і негатыўнымі момантамі, мастацкі асэнсаваная ў свеце вышэйшых каштоўнасцей, здольная часам да акумулявання ў сабе нейкай прасвятляючай, гарманізуючай энергіі. Ачышчэнне, прымірэнне, суцяшэнне, якія нясе мастацтва, Арыстоцель назваў у сваёй "Паэтыцы" катарсісам. Ён прысутнічае ў самых розных жанрах. Аднак катарсіс аслаблены альбо зусім адсутнічае ў тых творах, дзе гаспадарнічаюць скепсіс і татальная іронія. Асабліва шмат такіх твораў парадзіла мастацтва мадэрнізму (некаторыя апавяданні і аповесці Ф. Кафкі, "Млоснасць" Ж. - П. Сартра, п’есы тэатра абсурду і інш.).

Часам у мастацкіх творах, асабліва ў ХХ ст., побач з катарсічным пачаткам прысутнічае другі, супрацьлегла накіраваны, запалохваючы: у крызісных сітуацыях у людзей мастацтва з’яўляецца патрэба вызваліць хаос, даць яму волю. Пры гэтым само мастацтва палохае, як палохае складаная і непрадказальная рэчаіснасць. Заканамерна ўзнікае пытанне: дзе спыніцца і атрымаць хоць нейкую перадышку? Гэта адно з кардынальных і хваравіта напружаных пытанняў сучаснай мастацкай культуры. Зазначым у сувязі з гэтым, што ў творах мастацтва, якія сталі вечнымі спадарожнікамі чалавецтва, катарсічны пачатак заўсёды прысутнічае.

"Катарсіс, - лічыць В. Халізеў, - правамоцна ахарактарызаваць як увасабленне веры мастака ў вечную захаванасць і незнішчальнасць каштоўнасцей, перш за ўсё маральных".


1.8 Мастацтва ў суаднесенасці з іншымі формамі грамадскай свядомасці, культуры і галінамі творчай дзейнасці людзей


Мастацтва як адна з форм сацыяльнай свядомасці і галін творчай дзейнасці людзей знаходзіцца ў цесных узаемасувязях з іншымі падобнымі з’явамі ў грамадстве - філасофіяй, навукай, этыкай і мараллю, рэлігіяй.

Цесныя ўзаемадачыненні ў мастацтва з філасофіяй. Яны судакранаюцца на працягу ўсяго гістарычнага шляху развіцця мастацтва. Філасофская праблема сэнсу жыцця стала галоўным матывам вялікай колькасці твораў мастацтва, і асабліва твораў літаратуры. У многім філасофская праблема ўзаемаадносін асобы і грамадства, вырашэння сацыяльных супярэчнасцей - таксама вечная тэма сусветнага мастацтва. Шэраг твораў старажытнай філасофскай думкі (такія, напрыклад, як "Пір", "Іон", "Гіпій Большы" Платона), будучы філасофскімі трактатамі, у якіх абмяркоўваюцца важнейшыя праблемы быцця, пазнання, творчасці, маралі, па сваёй пластычнасці, выразнасці, вобразнасці выкладання з’яўляюцца вельмі блізкімі да твораў мастацтва.

Часта мастацкія творы выступаюць у якасці важнейшых дакументаў для навуковага аналізу і абагульненняў. Так, напрыклад, "Іліяда" і "Адысея" выкарыстоўваюцца навукай у якасці крыніцы для вывучэння надзвычай аддаленага ад нас па часе антычнага грамадства. Творы вялікага французскага пісьменніка Бальзака нясуць у сабе багаты матэрыял для вывучэння эканомікі, палітычных і прававых адносін Францыі першай паловы ХІХ ст. Творчасць Л. Талстога У. Ленін назваў "люстэркам" рускай рэвалюцыі.

Яркія і змястоўна насычаныя рэлігійныя (як правіла, біблейскія) сюжэты сталі тэматычнай аснова многіх твораў выяўленчага мастацтва, літаратуры, музыкі і г. д.

Цесныя сувязі і кантакты мастацтва з навукай, філасофіяй, этыкай і мараллю, рэлігіяй - гэта толькі адзін з аспектаў праблемы яго ўзаемадачыненняў з формамі грамадскай свядомасці і галінамі культурнай дзейнасці людзей.

Месца, роля, значэнне мастацтва ў розных сацыяльна-гістарычных сітуацыях разумеліся па-рознаму. Неаднойчы атрымліваў распаўсюджанне погляд, згодна з якім мастацтва - гэта з’ява залежная, падначаленая, службовая: у адносінах да дзяржавы (эстэтыка Платона), да рэлігіі і маралі (сярэднявечча), да данасці розуму (рацыяналізм класіцызму і Асветніцтва), да навуковага пазнання (пазітывісцкая эстэтыка), да афіцыйнай палітычнай ідэалогіі (што мела месца ў СССР, і асабліва моцна ў 1930-1950-я гг.). Наўрад ці ёсць неабходнасць даказваць аднабаковасць і гістарычную вычарпанасць падобных уяўленняў, якія зараз успрымаюцца як дагматычна вузкія і варожыя мастацкай культуры. З цягам часу станавілася ўсё ясней, што мастацтва валодае незалежнасцю (няхай сабе і адноснай) ад іншых з’яў грамадскага і асабовага жыцця, што яно мае сваё, асаблівае прызначэнне, што яго свабода патрабуе абароны ад знешніх замахаў.

Унікальнасць, самакаштоўнасць і свабода мастацтва былі дэклараваны нямецкай эстэтыкай рубяжа ХVІІІ-ХІХ стст. (Кант, іенскія рамантыкі), якая аказала значны ўплыў на далейшую мастацкую культуру Еўропы, ды і ўсяго свету. Філосафы і мастакі эпохі рамантызму падкрэслівалі, што мастацтва валодае велізарнай і ў аснове сваёй станоўчай сілай уздзеяння на духоўнае жыццё асобы, грамадства, чалавецтва. Жывапісцы, музыканты, паэты бачыліся людзям таго часу правадырамі, настаўнікамі, нават прамымі заканадаўцамі чалавецтва. Лічылася, што яны здольныя істотна паўплываць на працэс развіцця грамадства, на жыццё народаў.

Безумоўна, абарона і абгрунтаванне самастойнасці мастацтва склалі велізарную заслугу рамантыкаў перад гэтай важнай галіной культуры і творчай дзейнасці людзей. Разам з тым філосафы і мастакі рамантычнай арыентацыі часам пераўвялічвалі магчымасці і грамадскую ролю мастацкай дзейнасці, ставячы мастацтва над іншымі формамі культуры, грамадскай думкі і свядомасці. Яны нават аддаліся летуценням наконт усталявання мастакамі раю на зямлі, дэкларуючы свайго роду ўтопію - міф аб усемагутнасці мастацтва і яго поўным прыярытэце і перавазе над іншымі формамі культуры, над жыццём у цэлым. Гэты міф аказаўся жывучым. Ён працягваў існаваць і ў паслярамантычныя эпохі, у прыватнасці ў сімвалісцкай эстэтыцы. Абарона самастойнасці мастацтва, як бачна, неаднаразова абарочвалася яго аднабаковай апалогіяй, часам нават агрэсіўнай. Іерархічнае ўзвелічэнне мастацтва над усім і ўся абазначаецца тэрмінам "мастацтвацэнтрызм", які так ці інакш роднасны з эстэтызмам - канцэпцыяй, згодна з якой эстэтычныя каштоўнасці ставяцца над усімі астатнімі.

Крытыка "мастацтвацэнтрызму" (адначасова і мастацкай творчасці як самакаштоўнай і непараўнальнай з ніякімі іншымі заняткамі чалавека і формамі яго жыццядзейнасці) прысутнічае ўжо ў рамантычнай эстэтыцы (Шэлінг, Вакенродэр, Жукоўскі і інш.). У ХХ ст. думкі-перасцярогі наконт залішняй апалогіі мастацтва і мастацкай дзейнасці, іх быццам бы надзвычайнага месца ў жыцці асобы і ўсяго грамадства выказвалі Л. Талстой, М. Цвятаева, А. Камю, В. Астаф’еў і многія іншыя мастакі.

Мастацтву (пры ўсім тым, што яго значэнне для чалавецтва з’яўляецца важным і унікальным) не патрабуецца іерархічнае ўзвышэнне над іншымі формамі чалавечай жыццядзейнасці. Яно знаходзіцца ў шэрагу раўнапраўных галін (навукі, філасофіі, маралі, палітыкі, асабістых зносін, навыкаў працоўнай дзейнасці і г. д.), займаючы там сваё адпаведнае месца. Пры гэтым усе названыя галіны паміж сабой узаемазвязаны, у іх ёсць моманты і зоны сыходжанняў і ўзаемаўплываў. Для мастацкай творчасці з’яўляецца надта нязручнай і зусім непатрэбнай устаноўка на яе аўтаномію (лозунг "чыстага мастацтва"), на ізаляцыю ад жыццёвай рэальнасці.

Чалавек фарміруецца і самавызначаецца на шляхах творчага далучэння да культуры ў цэлым, наследуючы яе традыцыі і засвойваючы каштоўнасці самага рознага роду. І мастацтва ў яго высокіх праявах - у цесным і моцным саюзе з іншымі формамі культуры - садзейнічае "актыўнаму духоўнаму самавызначэнню асобы". Яно дае чалавеку магчымасць востра адчуць і напружана перажыць асабістую свабоду і адначасова - сваю прыналежнасць быццю як цэламу, сваё адзінства са светам і яго каштоўнасцямі, сталымі і вечнымі. Такое сапраўднае прызначэнне мастацкай творчасці.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Аверинцев С.С., Андреев М.Л., Гаспаров М.Л., Гринцер П.А., Михайлов А.В. Категории поэтики в смене литературных эпох // Историческая поэтика. Литературные эпохи и типы художественного сознания. - М., 1994.

2. Введение в литературоведение.2-е изд., доп. - М., 1983.

3. Литературный энциклопедический словарь. - М., 1987.

4. Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец. - М., 2000.

5. Волков И.Ф. Теория литературы / Волков И.Ф. - М., 1995.

6. Поспелов Г.Н. Теория литературы / Поспелов Г.Н. - М., 1978.

7. Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь / Горанов К. - М., 1970.

8. Хализев В.Е. Теория литературы / Хализев В.Е. - 2-е изд. - М., 2000.

9. Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры / Яцухна В.І. - г. Гомель, 2002.

10. Дмитриева Н.А. Изображение и слово / Дмитриева Н.А. - М., 1962.

11. Каган М.С. Морфология искусства / Каган М.С. - М., 1972.

12. Кожинов В. Виды искусства. - М., 1960.

13. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. - 2-е выд., дапр. і дап. - Мн., 1982.

14. Бесклубенко С.Д. Природа искусства / Бесклубенко С.Д. - М., 1982.

15. Буров А.И. Эстетическая сущность искусства / Буров А.И. - М., 1956.

16. Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания. Очерки по истории образа. - М., 1972.

17. Ванслов В.В. Эстетика романтизма / Ванслов В.В. - М., 1966.

Похожие работы:

  1. • Агульная характарыстыка прозы ІІ паловы 60-х - сярэдзіны 80-х ...
  2. • Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча
  3. • Свет лiрычнага героя Рыгора Барадулiна
  4. • Колер і свет у прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа
  5. • Асаблівасці літаратурнага творы
  6. • Білінгвізм. Моўная інтэрферэнцыя
  7. • Мова i соцыўм
  8. • Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Польшчы
  9. • Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Венгрыі
  10. • Комплексны аналіз публіцыстычных твораў С. Буднага
  11. • Кузьма Чорны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны
  12. • Пераклад на ўроках беларускай мовы
  13. • Кампаненты-складнікі змястоўнай формы твора
  14. • Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх ...
  15. • Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у ...
  16. • Аналіз жыццёвага і творчага шляху В. Зуёнка
  17. • Канфесійная лексіка ў беларускай мове
  18. • Жанр пародыі і эпіграмы ў беларускай літаратуры
  19. • Абвяшчэнне незалежнасти Рэспублики Беларусь
  20. • Нільс Бор і яго квантавыя пастулаты
Рефетека ру refoteka@gmail.com