БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ
Кафедра беларускай і рускай моў ФДП і ПА
Рэферат на тэму:
«БІЛІНГВІЗМ. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ»
Мiнск, 2008
1. СУТНАСЦЬ І АСАБЛІВАСЦІ БІЛІНГВІЗМУ
Праблема моўнага жыцця ў нашай рэспубліцы сёння адносіцца да адной з найбольш актуальных і складаных. Разам з тым гэта праблема існуе не толькі ў нашай краіне, але і ў гісторыі суіснавання іншых народаў, іх культур і моў у шматнацыянальных краінах наогул.
Паводле даных Акадэміі навук Францыі, насельніцтва зямнога шара гаворыць не менш чым на 2796 мовах, якія аб’ядноўваюцца ў 11 вялікіх і каля 50 малых моўных груп, а ўсе, хто гаворыць на гэтых мовах, выкарыстоўваюць ад 7 да 8 тысяч дыялектаў. Нямецкія ж вучоныя сцвярджаюць, што сучасныя народы свету гавораць на мовах, колькасць якіх перавышае 4000, а ўсяго навуцы вядома каля 6000 жывых і мёртвых моў.
Стварэнне моўнай карты свету з кожным днём становіцца справай усё больш цяжкай, бо практычна на Зямлі няма аднамоўных краін і нават буйных гарадоў. Напрыклад, Лондан англійскія вучоныя называюць “лінгвістычным Вавілонам”, бо, паводле звестак міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі, у ім гавораць на 147 мовах, хоць, зразумела, найбольш на англійскай. Тлумачыцца гэта тым, што выхадцы з былых брытанскіх калоній прывезлі з сабой і свае мовы.
Іншым прыкладам можа быць Швейцарыя: краіна такая ёсць, а мовы швейцарскай няма. На захадзе гэтай рэспублікі гавораць па-французску, на поўдні – па-італьянску, а ў большасці кантонаў – па-нямецку, прычым у кожным “нямецкім” кантоне свой дыялект (гл.: Маршэўская, 2003, 210).
Няма, як вядома, і амерыканскай мовы. Дзяржаўнай мовай 16 краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі з’яўляецца іспанская мова. Дзве буйнейшыя дзяржавы Новага Свету (Злучаныя Штаты Амерыкі і Бразілія) – англа- і партугаламоўныя. Ні адна з краін Амерыкі не карыстаецца сваёй спрадвечнай мовай. Арабская мова стала мовай рада культурна розных народаў ад Індыйскага да Атлантычнага акіяна. Большасць былых калоній прыняла мову колішніх каланізатараў, а Індыя з яе надзвычай багатай культурай і вялікімі традыцыямі назвала англійскую мову адной з дзяржаўных. Нават у Старым Свеце, у Еўропе рад краін не мае сваёй спрадвечнай мовы. Няма мовы бельгійскай: у Фландрыі гавораць на фламандскай, а ў Валоніі – на французскай мове. У Аўстрыі карыстаюцца нямецкай мовай, у Люксембургу – нямецкай і французскай. Цікавае становішча склалася ў былой шматнацыянальнай Югаславіі, дзе Сербія, Харвація, Боснія, Герцагавіна і Чарнагорыя карыстаюцца адной мовай – сербахарвацкай. З другога боку, не толькі народы Шатландыі, Уэлса, якія ўваходзяць у склад Вялікабрытаніі, але і народ Ірландскай рэспублікі перайшоў на англійскую мову (гл.: Мартынаў, 1989, 13).
Зразумела, што зберажэнне сваёй спрадвечнай мовы і спрадвечнай культуры – факт пазітыўны, але ў рэальнай гісторыі чалавецтва ён хутчэй выключэнне, чым правіла. Народы свету знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і г.д.).
Не з’яўляецца выключэннем і Рэспубліка Беларусь, таму што яна таксама ўяўляе сабой шматнацыянальную дзяржаву з шырока распаўсюджаным двухмоўем (білінгвізмам).
Звернемся, аднак, спачатку да азначэння паняцця двухмоўя. Згодна з У.Вайнрайхам, двухмоўе – гэта практыка папераменнага карыстання дзвюма мовамі. В.Д. Бандалетаў дае больш падрабязную характарыстыку двухмоўя. Параўн.: “Білінгвізм (лац. bi- два, lingua- мова) – гэта двухмоўе, г. зн. суіснаванне ў чалавека ці ва ўсяго народа дзвюх моў, звычайна першай – роднай, і другой – набытай”. Калі веданне дзвюх моў уласціва асобным членам соцыуму, то гэта індывідуальны білінгвізм, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы, калектывы, то гаворка ідзе пра калектыўны білінгвізм, калі ж двухмоўе пашырана сярод усіх прадстаўнікоў нацыі, то гэта нацыянальны білінгвізм. Пры нацыянальным білінгвізме ў краіне афіцыйна прызнаюцца дзве дзяржаўныя мовы (у Беларусі – беларуская і руская, у Фінляндыі – фінская і шведская, у Канадзе – англійская і французская).
Калі дзве мовы ўжываюцца ізалявана адна ад другой (напрыклад, на працы – адна мова, дома – другая), то гаворка ідзе пра чысты білінгвізм, калі ж дзве мовы ўжываюцца ўперамешку (залежыць ад камунікатыўнай сітуацыі), то гэта змешаны білінгвізм. Змешаны ў сваю чаргу падзяляецца ў залежнасці ад ступені разумення носьбітам мовы няроднай мовы на рэцэптыўны (чалавек разумее другую мову, але не можа на ёй гаварыць), рэпрадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст) і прадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст і самастойна будуе на ёй сказы).
Індывідуальнае двухмоўе не абавязкова абазначае масавае двухмоўе, і, наадварот, нацыянальнае двухмоўе можа існаваць пры індывідуальным аднамоўі. Напрыклад, Швейцарыя – шматмоўная краіна, у якой дзяржаўнымі з’яўляюцца нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская мовы. Аднак большасць жыхароў гэтай краіны валодаюць толькі якой-небудзь адной з названых вышэй моў (гл.: Лукашанец, 1989, 18-19).
Двухмоўе – з’ява складаная, шматбаковая. Яна можа разглядацца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным і сацыялінгвістычным.
Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, з праблемамі пераключэння з аднаго моўнага кода на другі.
Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой.
Сацыялінгвістычны аспект грунтуецца на такіх параметрах, як:
сфера выкарыстання першай і другой мовы;
ступень авалодання мовамі;
набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, дыялект, жаргон і г.д.)
размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі;
кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы;
ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.
На тэрыторыі Беларусі, як сведчаць шматлікія факты, розныя тыпы двухмоўя і нават шматмоўя заўсёды былі важнымі элементамі гісторыі беларускага народа. Так, у перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе, якое ўзнікла яшчэ ў старажытнарускую эпоху. Значна мацней праяўлялася беларуска-польскае двухмоўе, што працягвалася амаль чатыры стагоддзі. Даволі адчувальным было таксама беларуска-лацінскае двухмоўе, уласцівае пераважна адукаваным колам насельніцтва. Практыкавалася беларуска-татарскае, беларуска-яўрэйскае, беларуска-літоўскае двухмоўе і інш. Што датычыцца беларуска-рускага двухмоўя, то ўмовы для яго зараджэння ўзніклі некалькі пазней, у канцы XVIII ст., калі пасля далучэння Беларусі да Расіі руская мова стала дзяржаўнай і на яе тэрыторыі (гл.: Булыка, 1989, 4).
Такім чынам, моўная сітуацыя на Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася як шматмоўная.
Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:
індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;
руска-беларускім двухмоўем, калі побач з рускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую мову;
індывідуальным беларускім ці рускім аднамоўем.
Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі існуе беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-ўкраінскае двухмоўе. Для небеларускага насельніцтва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-беларускага, латышска-беларускага і г.д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска-рускае і г.д. шматмоўе.
Сёння і беларуская, і руская мовы выкарыстоўваюцца ў большасці важнейшых сфер, аднак у колькасных адносінах пераважае ўсё ж руская. Такое становішча ахарактарызаваў у свой час В. фон Гумбальт, які зазначыў, што “мова народа ёсць яго дух, а дух народа ёсць яго мова, і цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш тоеснае”. У мове акумулюецца духоўная энергія народа. Яна з’яўляецца галоўнай адзнакаю і сімвалам нацыі. Мова – генетычны код нацыі, яна яднае мінулае з сучасным, праграмуе будучыню і забяспечвае быццё нацыі ў вечнасці.
2. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ І ЯЕ ВІДЫ
У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі. Інтэрферэнцыя – (лац. inter “паміж”, ferens, ierentis “які нясе, пераносіць”) узаемадзеянне элементаў розных моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму. Гэта ўзаемадзеянне выражаецца ў адхіленнях ад нормаў іншай мовы, міжвольным (несвядомым) перанясенні ў яе сістэму асаблівасцей роднай мовы. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з’ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы:
- фанетыку (фанетычная інтэрферэнцыя), калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнага індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р’] і [ч’], дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.;
- акцэнтуацыю (акцэнтная інтэрферэнцыя), калі двухмоўны індывід размаўляе, напрыклад, на беларускай мове, а выкарыстоўвае націск рускай мовы: за борт (замест за борт), гліняны (замест гліняны), адзінаццаць (замест адзінаццаць), спіна (замест спіна) і г.д.;
- лексіку (лексічная інтэрферэнцыя), калі білінгв, напрыклад, у беларускай мове ўжывае выразы тыпу васкрасенне (бел. нядзеля), благадару (дзякуй), ці калі білінгв у рускай мове ўжывае выразы тыпу Сегодня сильная завея (рус. метель);
- словаўтварэнне (словаўтваральная інтэрферэнцыя), калі білінгв ужывае словы, у якіх назіраецца несупадзенне словаўтваральных сродкаў, напрыклад, у рускім маўленні такімі інтэрферэмамі з’яўляюцца безлюдность (рус. безлюдие), атлетичный (атлетический), вишняк (вишенник), по-человечьи (по-человечески); ці ў беларускім маўленні білінгваў вымакшы (бел. вымаклы), ахрыпшы (ахрыплы), кантраліраваць (кантраляваць).
- марфалогію (марфалагічная інтэрферэнцыя), калі граматычнае афармленне рускіх і беларускіх лексем не адпавядае норме. Напрыклад, білінгв, гаворачы па-руску, можа няправільна ўжываць родавыя формы назоўнікаў (золотой медаль замест золотая медаль, порванный шинель замест порванная шинель), канчаткі назоўнікаў множнага ліку (озёры замест озёра, окны замест окна) і г.д.
- сінтаксіс (сінтаксічная інтэрферэнцыя), калі пры карыстанні рускай мовай білінгв уводзіць у яе сінтаксічныя канструкцыі беларускай мовы, напрыклад, дочкина сумка замест сумка дочери, сынов костюм замест костюм сына, смеяться с него замест смеяться над ним і г.д.
Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць памылак пры маўленні ў той ці іншай мове. Аднак яны, як правіла, не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць, пераважна, як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах двухмоўя.
3. СПЕЦЫФІЧНЫЯ РЫСЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАРАЎНАННІ З РУСКАЙ
Ва ўмовах масавага беларуска-рускага білінгвізму вельмі важна вызначыць тыя рысы, якімі характарызуецца беларуская мова ў параўнанні з рускай.
Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы
Пад марфалагічнай інтэрферэнцыяй разумеюцца факты адхілення ад граматычных норм роднай мовы.
1. Асноўнай прычынай адхіленняў ад нормы пры вызначэнні роду назоўнікаў з’яўляецца ўплыў рускай мовы, чаму спрыяе аднолькавая ці блізкая аформленасць слоў у роднасных мовах: бел. дроб, запіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, подпіс, сабака, стэп, шынель – мужчынскі род; рус. дробь, запись, медаль, мозоль, накипь, насыпь, перепись, собака, степь, шинель
– жаночы род; бел. настрой, яблык – мужчынскі род; настроение, яблоко – ніякі і г.д.
2. Адзначаюцца памылкі, абумоўленыя двухмоўнай сітуацыяй, у прыватнасці разыходжаннем лікавай прыналежнасці асобных назоўнікаў у беларускай і рускай мовах, напрыклад: назоўнікі грудзі, дзверы, каноплі, крупы ў беларускай мове не маюць формы адзіночнага ліку, а ў рускай мове адны (конопля, крупа) маюць форму толькі адзіночнага ліку, другія (грудь, дверь) – і адзіночнага і множнага ліку; у беларускай мове чарніла – адзіночнага ліку, у рускай мове чернила – множнага ліку.
3. Назоўнікі 2-га скланення ў Д. і М. склонах адзіночнага ліку і назоўнікі 1-га скланення ў М. склоне адзіночнага ліку маюць пасля мяккіх асноў канчатак –і: зямлі, пожні, у зямлі, на трамваі (рус. земле, в земле, на трамвае). У адзначаных склонах гэтай жа групы назоўнікаў з асновай на заднеязычныя, калі націск падае не на канчатак, гукі [г],[к],[х] чаргуюцца са свісцячымі [з], [ц], [с]: кніга – кнізе, эканоміка – эканоміцы, эпоха – эпосе (рус. книге, экономике, эпохе).
4. Назоўнікі мужчынскага роду на -а(-я) (з націскам на аснове) у Т. склоне адзіночнага ліку маюць канчатак -ам(-ем): са старастам, з дзядзькам, з Колем, з Сярожам, а ў Д. і М. склонах адзіночнага ліку канчатак -у(-ю): аб Васілю, дзядзьку, дацэнту.
5. У Н. склоне множнага ліку назоўнікі 2-га скланення маюць канчаткі -ы, -і: палі, лясы, гарады, азёры, вокны.
6. Адсутнасць чаргаванняў на канцы асноў назоўнікаў 2-га скланення ў адзіночным і множным ліку: брат – браты, сын – сыны. Параўн. рус.: брат – братья, сын – сыновья.
7. Наяўнасць у назоўніках жаночага і ніякага роду ў Р. склоне множнага ліку канчаткаў -аў(-яў): брытваў, кафедраў, сенажацяў, постацяў, палёў (рус.: бритв, кафедр, полей).
8. Адсутнасць й у формах Н. склону адзіночнага ліку прыметнікаў і слоў, якія скланяюцца, як прыметнікі: сіні, вялікі, напісаны, некаторы, самы, шосты (рус.: синий, большой, написанный, некоторый, самый, шестой).
9. Утварэнне формы вышэйшай ступені параўнання якасных прыметнікаў з дапамогай суфіксаў -эйш(-ейш), -ш: вышэйшы, важнейшы, слабейшы, большы (рус.: выше, важнее, слабее, больше).
10. Непрадуктыўнасць кароткіх формаў прыметнікаў і абмежаванае ўжыванне кароткіх дзеепрыметнікаў, адсутнасць зваротных дзеепрыметнікаў. Параўн. бел.: План выкананы, рус.: План выполнен. Рус. “занимающийся”, “изменившийся” ў беларускай мове адпавядае “які займаецца”, “які змяніўся”.
11. У формах мужчынскага і ніякага роду займеннікаў мой, твой, свой, чый у Р. і Д. склонах адзіночнага ліку адсутнічае літара е ў канчатках: майму, твайму, свайму, майго, твайго, свайго.
12. Лічэбнікі паўтара, паўтары нескланяльныя.
13. Лічэбнікі два, дзве маюць асобныя формы ва ўсіх склонах: двух – дзвюх, двум – дзвюм, двума – дзвюма.
14. Лічэбнік дзевяноста мае адну нязменную форму; у рускай мове ён мае дзве формы – девяносто і девяноста.
15. Чаргаванне заднеязычных г, к з шыпячымі ж, ч пры спражэнні дзеясловаў загаднага ладу: лягу – ляж – ляжце, пяку – пячы – пячыце (рус.: лягу – ляг – лягте, пеку – пеки – пеките).
16. Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -учы(-ючы), -ачы(-ячы) ад асноў любога дзеяслова цяперашняга часу: лятаючы, аплочваючы, забягаючы, просячы (рус.: летая, оплачивая, забегая, прося).
4. СІНТАКСІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Душою мовы, яе “алгебраю” з’яўляецца граматыка. Яна выяўляе нацыянальны характар мовы, яе своеасаблівасць. Граматыка – гэта сістэма правіл паяднання слоў у маўленні, іх змянення, што абумоўлена патрэбамі гэтага паяднання.
Граматыка, у адрозненні ад іншых раздзелаў мовазнаўства, характарызуецца большай непранікальнасцю для іншамоўных уплываў. Аднак парушэнне граматычнай будовы больш балюча адбіваецца на мове, чым пранікненне ў мову чужаземных слоў.
Сінтаксіс (як раздзел граматыкі) вывучае віды сувязей, на аснове якіх арганізуюцца словазлучэнні і сказы. Словы ў словазлучэннях звязаны паміж сабой падпарадкавальнай сувяззю дапасавання, прымыкання і кіравання.
Дапасаванне – такі від сувязі, пры якім залежнае слова набывае формы роду, ліку і склону, уласцівыя галоўнаму слову. Дапасуюцца да назоўнікаў прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, займеннікі, дзеепрыметнікі: школьныя гады, на трэцім паверсе, твой гонар, высушанае сена.
Прымыканне – такі від сувязі, пры якім залежнае слова звязваецца з галоўным па сэнсе. Прымыкаюць звычайна нязменныя словы і формы –прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітыў: зрабіць сумленна, есці стоячы, уменне працаваць.
Пры кіраванні залежнае слова ўжываецца ў форме пэўнага ўскоснага склону: берагчы лес, сустрэцца з ёю. Кіраванне бывае прыназоўнікавае: убачыцца з сябрам, ісці з лесу і беспрыназоўнікавае: збіраць суніцы, глядзець спектакль.
У падпарадкавальнай сувязі не знаходзяцца і не з’яўляюцца словазлучэннямі:
1) дзейнік і выказнік;
2) аднародныя члены сказа;
3) службовыя часціны мовы.
Найбольш пашырана і ўстойліва ўздзеянне рускай мовы выяўляецца ў канструкцыях кіравання, для якіх характэрны шэраг спецыфічных рыс. Адзначым некаторыя з іх.
1. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзячыць, прабачыць, выбачаць, дараваць – спалучаюцца ў беларускай мове з назоўнікамі давальнага склону: дзякаваць сястры, дараваць сябру, прабачце мне. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам: благодарить сестру, простить товарища, извините меня.
2. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, насміхацца, кпіць, здзекавацца, цешыцца, дзівіцца, глуміцца, рагатаць кіруюць родным склонам з прыназоўнікам “з”: жартаваць з дзіцяці, насміхацца з сяброўкі, а адпаведныя рускія дзеясловы – творным з прыназоўнікам “над”: шутить над ребёнком, смеяться над сестрой.
3. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ехаць, плыць, ляцець і інш. і волевыяўлення паслаць, выправіць, адправіць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць назоўнікамі вінавальнага склону з прыназоўнікам “па”: ісці па ваду, паслаць па сястру. Калі названыя дзеясловы спалучаюцца з назоўнікамі – назвамі ягад, грыбоў і словамі ягады, грыбы, то гэтыя назоўнікі ўжываюцца таксама ў вінавальным склоне, але з прыназоўнікам “у”: ісці ў суніцы, адправіць у грыбы. У рускай мове ў абодвух выпадках – идти за водой, послать за сестрой, отправить за грибами.
У беларускай мове канструкцыі пайсці за вадой, бегчы за сястрой паказваюць не на мэту дзеяння, а на кірунак, напрамак (пайсці за вадой – пайсці па цячэнні ракі, бегчы за сястрой – бегчы ўслед).
4. Дзеясловы са значэннем дзеяння ці стану (хадзіць, лятаць, сустракацца, бачыцца і пад.) кіруюць месным склонам назоўнікаў з прыназоўнікам “па”: хадзіць па вечарах, лятаць па начах, бачыцца па суботах, сустракацца па выхадных. У рускай мове адпаведныя дзеясловы патрабуюць ад залежнага слова давальнага склону з прыназоўнікам “по”: ходить по вечерам, летать по ночам, видеться по субботам, встречаться по выходным.
5. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця (гаварыць, шаптаць, думаць, непакоіцца, клапаціцца, хвалявацца і інш.) звычайна кіруюць назоўнікамі вінавальнага склону з прыназоўнікам “пра”: гаварыць пра надвор’е, думаць пра вясну, клапаціцца пра бацькоў. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць месным склонам з прыназоўнікам “о(об)”: говорить о погоде, думать о весне, беспокоиться о родителях.
6. У словазлучэннях з галоўным словам – прыметнікам ці прыслоўем у форме вышэйшай ступені параўнання залежнае слова ўжываецца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам “за”: большы за яго, старэйшы за сястру, хутчэй за ўсіх. У рускай мове ў такіх словазлучэннях залежнае слова мае форму роднага склону без прыназоўніка: больше его, старше сестры, быстрее всех.
7. Дзеясловы ажаніць, ажаніцца патрабуюць творнага склону з прыназоўнікам “з”: ажаніўся з Таняю, ажанілі з нялюбай. У рускай мове гэтым словазлучэнням адпавядаюць словазлучэнні з назоўнікамі меснага склону з прыназоўнікам “на”: женился на Тане, женили на нелюбимой.
8. У беларускай мове больш пашыраны аднасастаўныя няпэўна-асабовыя сказы. Напр.: бел. Дом пабудавалі – рус. Дом построен.
9. Лічэбнікі два, тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў назоўным склоне множнага ліку: два дакументы, тры пастановы, чатыры банкі (рус.: два документа, три постановления, четыре банка).
10. Значэнне прыналежнасці ў беларускай мове выражаецца значна часцей, чым у рускай мове, прыналежнымі прыметнікамі: мужаў аўтамабіль, дырэктараў дом (рус.: автомобиль мужа, дом директора).
ЛІТАРАТУРА
1. Азарка В.У., Васілеўская А.С., Круталевіч М.М. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мн.: БДПУ, 2004. – 207 c.
2. Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1987. – 240 с.
3. Беларуская мова: У 2 ч.: Ч 1: Падруч. для навучэнцаў педвучылішчаў і каледжаў / Я.М. Адамовіч, Л.А. Акаловіч, С.К. Берднік і інш.: Пад агульн. рэд. Л.М. Грыгор’евай. – 3-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 1998. – 330 с.
4. Булыка А.М. Моўная сітуацыя ў БССР. Беларуская лінгвістыка, выпуск № 36, – Мн., 1989. – С. 3-10.
5. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. – Мн.: Народная асвета, 1993. – 398 с.
6. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 1: А-Л – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.
7. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 2: М-Я – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.
8. ГОСТ 16487083. Делопроизводство и архивное дело. Термины и определения. М. 1987.
9. Давыдова Э.Н. Делопроизводство: Учебно-практическое руководство / Э.Н. Давыдова, А.Е. Рыбаков. – 6-е изд., стереотип. – Мн., ТетраСистемс, 2002, – 288 с.
10. Доклады Белорусского государсвтенного университета информатики и радиоэлектроники: Электроника, материалы, технологии, информатика, экономика и управление. – Мн., 2005. - № 4, – 100 с.
11. Каўрус А.А. Дакумент па-беларуску. Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. – Мн.: Беларусь, 1994. – 160 с.
12. Квасов Н.Т. Элементы квантовой механики и статистической физики: Учеб. пособие по курсу «Физика» для студ. всех спец. и форм обуч. БГУИР / Н.Т. Квасов. – Мн.: БГУИР, 2004. – 63 с.: ил.