У канцы 20-х гг. XIX ст. нацыянальна-вызваленчы рух, узброены ідэяй незалежнасці Рэчы Паспалітай, уступіў у новую фазу свайго развіцця. Нетрываласць у самой аснове саюза паміж самадзяржаўнай Расіяй і канстытуцыйнай Польшчай, невыкананне палажэння, зафіксаванага Венскім кангрэсам пра магчымасць "распаўсюджвання свабоды (канстытуцыі) на ўсёй тэрыторыі былой Польшчы ў межах 1772 г.", сістэматычнае парушэнне правоў і свабод, гарантаваных канстытуцыяй 1815 г., вяло да рэзкага абвастрэння супярэчнасцей паміж Расіяй і Царствам Польскім.
У снежні 1828 г. у Варшаве ўзнікла тайнае ваеннае Таварыства падхарунжых, ініцыятарам стварэння якога быў П. Высоцкі. Таварыства планавала забойства Мікалая I пад час яго каранацыі ў Варшаве (май 1829 г.) і захоп улады. Змоўшчыкі вагаліся, тэрмін выступлення некалькі разоў пераносіўся. Непасрэдна падштурхнулі да паўстання рэвалюцыйныя падзеі ў Франціі і Бельгіі (ліпень 1830 г.).
Мікалай I планаваў кінуць на разгром рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Еўропе армію Царства Польскага і Літоўскі асобны корпус. Аб гэтых планах стала вядома ў Варшаве, і кіраўнікі апазіцыі адчулі. што далей адцягваць паўстанне нельга. У ноч на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве курсанты школы падхарунжых захапілі арсенал. Іх падтрымала большасць насельніцтва. Вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, фактычны намеснік імператара ў Царстве Польскім, дзейнічаў нерашуча, а потым увогуле прыняў рашэнне аб адводзе расійскіх войскаў з польскай тэрыторыі.
У паўстанцкім руху вылучыліся дзве асноўныя плыні: кансерватыўная на чале з арыстакратам А. Чартарыйскім і рэвалюцыйная, так званая "левіца", сярод кіраўнікоў якой найбольш актыўную ролю адыгрываў I. Лялевель. Кансерватары баяліся ўзмацнення народнага руху ў ходзе паўстання, а таму і не лічылі патрэбным здзяйсненне грунтоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Яны імкнуліся паказаць паўстанне як канфлікт Царства Польскага з Расіяй, а не як нацыянальна-вызваленчы рух польскага народа. Вырашыць канфлікт арыстакраты прапаноўвалі дыпламатычным шляхам, а таму ўсяляк стрымлівалі патрыятычныя сілы і падрыхтоўку арміі да вядзення ваенных дзеянняў з Расіяй. Прадстаўнікі гэтага накірунку займалі болыласць уплывовых пасад у арміі, урадзе і складалі асноўную частку ў сейме.
Асноўная ідэя праграмы "Патрыятычнага таварыства", так званай "левіцы", заключалася ў барацьбе за незалежнасць, аднаўленне Рэчы Паспалітай 1772 г. як цэнтралізаванай дзяржавы. "Левіца" адлюстроўвала інтарэсы пэўнай часткі сярэдняй і дробнай шляхты, буржуазіі, студэнцка-вучнёўскай моладзі. "Патрыятычнае таварыства" выступала адзінай палітычнай сілай, сацыяльная праграма якой улічвала інтарэсы падатковых саслоўяў. У змаганні з расійскім самадзяржаўем яна разлічвала на польскі народ. "Левіца" падкрэслівала, што змаганне ідзе не супраць рускага народа, а накіравана супраць расійскага абсалютызму. Толькі "Патрыятычнае таварыства" адзначала, што паўстанне можа мець поспех, калі ахопіць усе землі былой Рэчы Паспалітай, а таму быў вылучаны лозунг "За нашу і вашу свабоду". Але рэвалюцыйная плынь не была кансалідаванай, яе ўплыў у сейме, арміі быў нязначным.
Кіраўніцтва паўстаннем сканцэнтравалася ў руках кансерватыўных дзеячаў, якія спачатку спрабавалі наладзіць перамовы з Канстанцінам Паўлавічам і Мікалаем I, але безвынікова. 18 снежня 1830 г. пачаў работу польскі сейм. Пад націскам патрыятычных сіл 20 снежня ён прыняў маніфест, які абвяшчаў нацыянальны характар Паўстання, а галоўнай мэтай паўстання змаганне за "незалежнасць і свабоду". У студзені 1831 г. сейм дэтранізаваў Мікалая I з польскага прастола.
Многія паслы разумелі неабходнасць тэрытарыяльнага пашырэння паўстання на заходнія губерні Расіі. I. Лялевель, М. Махнацкі настойвалі на тым, што польская армія павінна пачаць рух на ўсход і дапамагчы сваім братам скінуць прыгнёт расійскага царызму. Але толькі з пачаткам паўстання на землях былога ВКЛ на разгляд сейма былі вынесены пытанні аб палітычных адносінах паміж Царствам Польскім і ВКЛ у будучай дзяржаве. Аднак арганізацыя канкрэтных дзеянняў не вызначалася асаблівай эфектыўнасцю. Толькі 1 мая Нацыянальны ўрад прыняў рашэнне аб дапамозе жыхарам беларуска-літоўскіх зямель.
На тэрыторыі Беларусі непасрэдная падрыхтоўка да паўстання пачалася ў студзені 1831 г.: вусная агітацыя, распаўсюджванне пісьмовых адозваў, збор сродкаў і зброі. Акцэнт пры гэтым рабіўся на цяжкае становішча краю, які прыгнечаны "маскалямі". Насельніцтва заклікалі ўзяць у рукі зброю. Але ніякіх канкрэтных абяцанняў, як палепшыць становішча насельніцтва, не гучала.
Тым часам шляхта, якая прыбыла ў Варшаву з заходніх губерняў Расіі і пажадала ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях, па ініцыятыве I. Лялевеля была аб'яднана ў "Клуб аб'яднаных славян". 22 студзеня 1831 г. ад імя клуба было складзена пасланне да сейма, пад якім падпісалася каля 200 чалавек. У "Адрасе Ліцвінаў" падкрэслівалася, што "Літва (г. зн. сучасная Беларусь), Валынь, Падолія і Украіна заўсёды былі адзіным (з палякамі.) народам, адзінай Полыпчай... 3 таго часу, як рэвалюцыя набыла характар нацыянальны, неабходным стала вяртанне зямель адабраных, бо толькі з імі паўстанне будзе адпавядаць свайму высокаму прызначэнню і адновіць незалежнасць... ". Варшаўскі ўрад, у сваю чаргу, звярнуўся з заклікам да насельніцтва Беларусі, Літвы і Украіны. У ім адзначалася, што сейм і ўрад абвясцілі цэласнасць і незалежнасць Польшчы, таму і насельніцтва ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай павінна прымаць актыўны ўдзел у барацьбе.
За развіццём падзей на Беларусі ўважліва сачылі ў Пецярбургу. 1(13) снежня 1830 г. у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях і Беластоцкай вобласці было ўведзена ваеннае становішча. У пачатку красавіка з войскаў, размешча ных каля Брэста і Гродна, і рэзервовых часцей была сфарміравана спецыяльная армія пад кіраўніцтвам генерала П.А. Талсгога. Яна прызначалася для прадухілення паўстання на тэрыторыі ВКЛ. Паміж Царствам Польскім, літоўскімі і беларускімі губернямі была абмежавана сувязь, уведзена цэнзура перапіскі, узмацніўся паліцэйскі нагляд нядобранадзейных высылалі ў глыб Расіі. Секвестру падвяргаліся маёнткі тых памешчыкаў, якія з пачатку паўстання знаходзіліся ў Царстве Польскім. Але прынятыя меры не змаглі прадухіліць пашырэнне паўстання на Беларусь.
У студзені 1831 г. для кіраўніцтва паўстаннем быў створаны Віленскі цэнтральны камітэт (С. Шумскі, М. Балінскі, А. Гарэцкі і інш.) Камітэт прызнаваў вяршэнства Варшаўскага ўрада і не праяўляў асаблівай ініцыятывы, што тлумачыцца, магчыма, згасаннем самой ідэі ВКЛ, аднаўленне якога ў той момант ужо адыходзіла на другі план. Зараз намаганні накіроўваліся перш за ўсё на дасягненне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., што атаясамлівалася з аднаўленнем польскай дзяржаўнасці.
Камітэт займаўся зборам грашовых сродкаў на паўстанцкія мэты, арганізацыяй майстэрні па вырабу зброі, спрабаваў каардынаваць дзейнасць павятовых камітэтаў. Але ў яго не было выразнай лініі паводзін і праграмы дзеянняў. Па сутнасці, Камітэт не стаў кіруючьш органам паўстання ў Беларусі, хаця яго дзейнасць спрыяла ўзнікненню тайных паўстанцкіх камітэтаў, якія ініцыіравалі выступленне.
Вясной 1831 г. у Беларусі склалася вельмі напружаная палітычная сітуацыя. Перадыслакацыі расійскіх вайсковых кантынгентаў, рэквізіцыі на патрэбы вайны вялі да пагаршэння і так дрэннага становішча значнай часткі насельніцтва. Адпаведную рэакцыю выклікалі чуткі аб поспехах польскай арміі. Да таго ж, у многіх рэгіёнах Беларусі не было расійскіх вайсковых сіл. Яны рушылі на захад. Таму шляхта Віленшчыны і Міншчыны скарыстала зручны момант.
У красавіку 1831 г. узброенае выступленне ахапіла Ашмянскі і Свянцянскі паветы Віленскай губерні, Вілейскі і Дзісненскі паветы Мінскай губерні. 3 першых дзён праявіліся асаблівасці ў арганізацыі паўстанцкай улады і ўзброеных сіл, якія істотна адрознівалі яго ад паўстання ў Царстве Польскім.
У выпадку перамогі ў кожным павеце стваралася асобнае апалчэнне і паўстанцкае кіраўніцтва (з прадстаўнікоў буйной і сярэдняй шляхты), якое толькі часткова падпарадкоўвалася Віленскаму цэнтральнаму камітэту. Па сутнасці, дзейнасць павятовых паўстанцкіх органаў вызначалася канкрэтнымі мясцовымі абставінамі, што прыводзіла да пэўнай неаднастайнасці іх структуры. Паўстанцкія ўлады неадкладна абвяшчалі акты паўстання, прыводзілі насельніцтва да прысягі, абвяшчалі набор рэкрутаў; шляхце, якая далучалася да паўстання, гарантавалі захаванне ўсіх саслоўных і маёмасных правоў. Сялян і мяшчан заклікалі рашуча ўзяцца за зброю і адстойваць "сваю" новую ўладу.
У адпаведнасці з Актам паўстання абвяшчалася "вольнасць і роўнасць па праву". Паняцце "вольнасці" разглядалася як аб'яднанне тэрыторый, страчаных у выніку падзелаў 1772, 1793 і 1795 гг., і адначасова рэалізацыя імкнення ліцвінаў да захавання самастойнасці ВКЛ у складзе адзінай федэратыўнай дзяржавы.
На працягу красавіка мая 1831 г. дзісненскія, свянцянскія, ашмянскія і вілейскія паўстанцы (да 10 тыс. чалавек), ажыццявілі некалькі аперацый, але затым пад націскам расійскіх войскаў пакінулі тэрыторыю Беларусі.
Спрыяльныя ўмовы для паўстання былі і ў іншых беларускіх губернях, але шляхта ў ім не прыняла ўдзелу. Сваю ролю тут адыгралі як папярэднія меры расійскіх уладаў, так і боязь шляхты выклікаць стыхійны сялянскі рух. Урад прымаў захады, каб не дапусціць аб'яднання шляхецкага руху з сялянскім. У красавіку 1831 г. з'явіўся ўказ, якім прадугледжвалася падсуднасць шляхціцаўпаўстанцаў ваеннаму суду з канфіскацыяй іх маёмасці. Сялянам-паўстанцам абяцалі памілаванне, калі яны складуць зброю і вернуцца дамоў.
3 канца мая 1831 г. паўстанне на беларускіх землях уступіла ў новы этап, што было звязана з падыходам польскай рэгулярнай арміі. Першым на тэрыторыю Беларусі ўступіў атрад Д. Хлапоўскага (820 чалавек). Атрымаўшы шэраг перамог у невялікіх баях (пад Гайнаўкай, Лідай і інш.), атрад Хлапоўскага папоўніўся зброяй і людзьмі. У хуткім часе атрад налічваў ужо каля 5 тыс. чалавек.
Набліжэнне польскіх войскаў выклікала хваляванні ў Лідскім, Навагрудскім, Пружанскім, Кобрынскім і Слонімскім паветах Гродзенскай губерні. 3 самага пачатку ўступлення польскай рэгулярнай арміі на тэрыторыю Белавежскай пушчы, дзеянні паўстанцаў (да 800 1000 чалавек) сталі болын інтэнсіўнымі і рашучымі. Яны сур'ёзна пагражалі камунікацыям расійскай арміі, якая ваявала на тэрыторыі Царства Польскага. На задушэнне паўстання ў Белавежскай пушчы ўлады кінулі значныя вайсковыя сілы, і ў хуткім часе ачагі супраціву былі знішчаны.
У пачатку чэрвеня на тэрыторыю Віленскай губерні ўступіў 12-тысячны корпус генералаў А. Гелгуда, Г. Дэмбінскага і Ф. Роланда, які ўзяў накірунак на Вільню. 10 чэрвеня адбылося аб'яднанне фарміраванняў А. Гелгуда і Д. Хлапоўскага. Адзінае камандаванне польскімі рэгулярнымі сіламі на беларускалітоўскіх землях было ўскладзена на А. Гелгуда. Пры штабе камандуючага быў створаны так званы Часовы паўстанцкі ўрад на чале з генералам польскіх войскаў графам Т. Тышкевічам. Паўнамоцтвы новага ўрада распаўсюджваліся на тэрыторыю Віленскай губерні. Урад неадкладна прыняў захады для папаўнення войска (з ліку сялян і дваранпаўстанцаў), што дазволіла сканцэнтраваць пад Вільняй каля 24 тыс. чалавек. Паўстанцы ставілі сваёй мэтай захоп горада.
Штурм Вільні пачаўся 19 чэрвеня. Сілы былі няроўныя, рускія войскі, якія налічвалі каля 40 тыс. чалавек, лёгка адбівалі атакі. Поспех 1794 г. пад Вільняй паўтарыць не ўдалося. Страціўшы ў бітве каля 2 тыс. чалавек, паўстанцы адступілі. Сярод іх пачалася дэмаралізацыя і дэзерцірства. Рэшткі экспедыцыйных і мясцовых атрадаў пакінулі Беларусь, частка з іх перайшла ў Прусію і склала зброю. Толькі атрад генерала Г. Дэмбінскага (каля 4 тыс. чалавек) здолеў адысці ў Гродзенскую губерню.
Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім паветах пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам павятовага маршалка Я. Кашыца. У ім прымалі ўдзел не толькі шляхціцы, але і сяляне. У Навагрудку паўстанцы (400 чалавек) далучыліся да атрада Дэмбінскага і разам з ім пакінулі горад.
У чэрвені ліпені 1831 г. паўстанцкі рух разгарнуўся ў Мазырскім, Рэчыцкім і Пінскім паветах Мінскай губерні. Арганізатарамі і кіраўнікамі яго былі мясцовыя памешчыкі Ф. Кеневіч і Т. Пуслаўскі. Колькасць паўстанцаў склала прыблізна 1300 чалавек, але дасягнуць нейкіх рэальных поспехаў яны не здолелі.
Пасля адыходу з тэрыторыі беларускіх паветаў польскай арміі паўстанне на землях былога ВКЛ пайшло на спад, але партызанская вайна асобных атрадаў не спынялася да восені 1831 г. I толькі звесткі пра падзенне 8 верасня Варшавы, а затым Модліна і Замосця (адпаведна 9 і 21 кастрычніка) апошніх бастыёнаў паўстанцаў у Царстве Польскім, прымусілі разысціся тыя атрады, якія да гэтага часу яшчэ знаходзіліся ў лясах.
У тым, што паўстанне 1830-1831 гг. на Беларусі пацярпела паражэнне, былі свае прычыны. Неразуменне глыбіні сялянскага пытання і недастатковы ўлік этнарэлігійных асаблівасцяў прывялі да таго, што надзеі на шырокі ўдзел у паўстанні падатковых саслоўяў не спраўдзіліся. Не адчуўшы рэальнага паляпшэння свайго становішча, сялянства ў асноўным засталося абыякавым да палітычнай праграмы паўстанцаў. Паўплывала таксама адсутнасць належнага ўзаемаразумення паміж Нацыянальным урадам і Віленскім цэнтральным камітэтам. Сітуацыя ўскладнялася і тым, што ў самім кіраўніцтве на тэрыторыі ВКЛ не існавала адзінства і ўзгодненасці. Стварэнне часовых павятовых органаў не прывяло да ўзнікнення адзінага ўрада, якому падпарадкоўваліся б усе мясцовыя структуры. Не спраўдзіліся надзеі беларускіх паўстанцаў і на падтрымку польскай рэгулярнай арміі.
Паўстанне 1830-1831 гг. насіла шляхецкі характар, нягледзячы на тое, што каля 30 % удзельнікаў у ім складалі прадстаўнікі падатковых саслоўяў. У падрыхтоўцы і правядзенні паўстання на Беларусі асноўная роля належала сярэдняй шляхце, памешчыкам, чыноўніцтву і студэнцкай моладзі. Значную ролю ў распаўсюджванні паўстання выконваў каталіцкі клір. Адсюль відавочны кансерватызм паўстання. Тым не менш, яно ўскладніла пазіцыі расійскага самаўладдзя, паспрыяла замацаванню рэвалюцыйных змен у Еўропе, разгортванню нацыянальна-вызваленчай барацьбы у іншых краінах. Усяго за перыяд з красавіка па лістапад 1831 г. колькасць удзельнікаў паўстання на Беларусі складала каля 15 тыс. чалавек.
Пасля падаўлення паўстання значныя змены адбыліся і ў палітыцы царызму ў Беларусі. Страціўшы давер да польскай і спаланізаванай мясцовай шляхты, ён узяў курс на яе аслабленне, выкараненне паланізму і паслядоўную русіфікацыю края. Першым крокам у гэтым напрамку было пакаранне ўдзельнікаў паўстання. У адпаведнасці з указам цара ад 6 мая 1831 г. ва ўсіх губернях, ахопленых паўстаннем, былі створаны следчыя камісіі, якім даручалася вызначыць ступень віны ўдзельнікаў паўстанцкага руху. Тых, хто быў прыцягнуты ў паўстанцкія атрады прымусова, або на працягу месяца пасля апублікавання ўказа добраахвотна з'явіўся з пакаяннем, камісіі ад адказнасці вызвалялі. Шляхцічы, якія свядома ўдзельнічалі ў паўстанцкім руху, садзейнічалі яго пашырэнню і прымалі ўдзел ва ўзброенай барацьбе, аддаваліся пад суд. Іх памесці канфіскоўваліся, сем'і высылаліся ў Сібір. Асобы недваранскага паходжання аддаваліся ў салдаты або ў арыштанцкія роты. Сем'і іх таксама высылаліся ў Сібір або іншыя аддаленыя губерні Расіі. Усяго ў Беларусі (у сучасных граніцах) да 1837 г. было канфіскавана 115 памесцяў з 38 544 сялянамі мужчынскага полу. Усе яны былі перададзены ў дзяржаўны зямельны фонд.
Але царызм разумеў, што адных рэпрэсій недастаткова. Неабходна было выпрацаваць сістэму мер, якія садзейнічалі б збліжэнню далучаных да Рэчы Паспалітай зямель з усёй тэрыторыяй Расіі. Для выпрацоўкі гэтых мер пры цару ў пачатку 1832 г. быў створаны «Асобны камітэт па справах заходніх губерняў». У яго ўваходзілі міністры ўнутраных і ваенных спраў, дзяржаўных маёмасцей, асветы, фінансаў, оберпракурор Сінода і інш. Узначальваў камітэт старшыня Кабінета міністраў граф В. П. Качубей.
Камітэт разглядаў праекты мерапрыемстваў у адносінах да Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны, якія паступалі ад міністэрстваў, губернатараў і генералгубернатараў, а пасля падаваў іх на зацвярджэнне цару. Адным з такіх мерапрыемстваў, рэкамендаваных камітэтам, быў так званы «разбор шляхты». Яно прадугледжвала праверку дакументаў усіх, хто называў сябе шляхтай, аб дваранскім паходжанні. Тыя шляхцічы, якія не змаглі прадставіць у геральдычную камісію дакументаў, пацвярджаючых дваранскае званне, пераводзіліся ў падатковае саслоўе: аднадворцаў у сельскай мясцовасці і грамадзян у гарадах. У выніку гэтай працэдуры ў Беларусі было пераведзена толькі ў аднадворцы балын 10 тыс. былых шляхцічаў. Усе яны павінны былі адбываць павіннасці і плаціць падаткі як дзяржаўныя сяляне.
Па прапановах камітэта ў заходніх губернях быў праведзены яшчэ шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на «выкараненне» тут польскага ўплыву. У маі 1832 г. як рассаднік «вальнадумства» і паланізму быў закрыты Віленскі універсітэт. Справаводства пераводзілася з польскай на рускую мову. Указам ад 25 чэрвеня 1840 г. у Беларусі і Літве адмянялася дзеянне Літоўскага статута і паўсюдна ўводзілася расійскае заканадаўства. Выкладанне ў навучальных установах пераводзілася на рускую мову. У 1836 г. было забаронена выкладанне польскай мовы як асобнага прадмета ва ўсіх тыпах навучальных устаноў. Польскія чыноўнікі вызваляліся ад займаемых пасад у органах дзяржаўнага кіравання, судах, асветы і культуры. На іх месца назначаліся толькі рускія чыноўнікі «благанадзейных паводзін». Ім прадстаўлялася перавага ў аплаце працы і забяспечваўся хуткі рост кар'еры. Расійскім чьшоўнікам і дваранам прадастаўляліся льготы пры набыцці дзяржаўных і канфіскаваных у шляхты маёнткаў. Прадпрымаліся меры і па перасяленню сюды казённых сялян з расійскіх губерняў. Але выхадцы з Расіі не замацоўваліся на беларускіх землях. Дваране і чыноўнікі, набыўшы на льготных умовах маенткі, перапрадавалі іх з вялікай выгадай для сябе, а сяляне перасяляліся неахвотна.
Каб аслабіць уплыў каталіцкай царквы, царскі ўрад паступова веў скарачэнне тут каталіцкага святарства, падрываючы адначасова яго эканамічную базу. У 1832 г. з гэтай мэтай былі ліквідаваны некамплектныя (немаючыя поўнага складу манахаў) каталіцкія манастыры, а іх памесці перададзены казне. У снежні 1841 г. ужо ўсе духавенства (праваслаўнае, каталіцкае і інш. канфесій) было пазбаўлена права мець зямельную ўласнасць на падставе, што гэта перашкаджае ім выконваць добрасумлена свае святарскія абавязкі. Але, пакольку ў праваслаўнага духавенства зямлі практычна не было, то ў выніку гэтай акцыі зямельнай уласнасці ў першую чаргу пазбавілася каталіцкая царква. У выніку гэтых мер колькасць дзяржаўных сялян у Беларусі ўзрасла на 100 тыс. душ мужчынскага полу.
Адначосова вялося наступленне на ўніяцкую царкву. Уладам удалося перацягнуць на свой бок вярхушку уніяцкага духавенства на чале з епіскапам Іосіфам Сямашкам, якія ў лютым 1839 г. склікалі ў Полацку царкоўны сабор, прыняўшы саборны акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. 30 сакавіка 1839 г. Св. Сінод са згоды імператара зацвердзіў просьбу Полацкага сабора, у выніку чаго уніяцкая царква ў Беларусі была скасавана.
Літаратура
Гісторыя Беларусі. Пад рэд. А.Г. Каханоўскага. Мн., 1996.
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. XIX-XX ст. Пад рэд. І.П. Крэнь і інш. Мн., 2002.
Грыцкевіч А. Паўстанне 1830-1831 // Энцыклапедыя «Гісторыя Беларусі». Т. 5. Мн., 1999.
Ковкель И.И., Ярмусик Э. С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Мн., 1998.
Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мн., 1993.
Нарысы па гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994
Тарасава М. Дзекабрысты // Энцыклапедыя «Гісторыя Беларусі».Т.3. Мн., 1996.