Рефетека.ру / Зарубежная литература

Реферат: Літаратура перыяду контррэфармацыi


Літаратура перыяду контррэфармацыi


Змест


1. Літаратура перыяду контррэфармацыi

1.1 Агульная характарыстыка часу (эпохі) і літаратуры

1.2 Паэзія. Творчасць Андрэя Рымшы

1.3 Проза: парадыйна-сатырычныя творы

1.4 Драматургія

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Літаратура перыяду контррэфармацыi


1.1 Агульная характарыстыка часу (эпохі) і літаратуры


З прычыны ўнутраных супярэчнасцей кіруючыя колы Вялікага княства Літоўскага вымушаны былі адмовіцца ад дзяржаўнай незалежвасці і на Люблінскім сейме 1569 г. пайсці на аб'яднанне з Польшчай. У выніку ўзнікла своеасаблівая федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Ад заключэння гэтай дзяржаўнай уніі ў выйгрышы аказалася шляхта Вялікага княства Літоўскага, якая атрымала роўныя палітычныя правы а польскай шляхтай, што ў пэўвай ступені вызваляла яе ад усемагутнасці мясцовых магнатаў. На плечы ж беларускага і ўкраінскага народаў у дадатак да іх цяжкага сацыяльнага становішча абрушыўся яшчэ нацыянальны і рэлігійны прыгнёт. Польскія феадальныя вярхі пачалі прымаць меры, накіраваныя ва асіміляцыю беларускага і ўкраінскага народаў. Свае надзеі ў ажыццяўленні гэтай задумы яны найперш ускладалі ва актыўную дзейнасць ордэна езуітаў, прызвавага ў Польшчу ў 1564 г. Езуіты пачалі ствараць на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага шырокую сетку сваіх агульнадаступных бясплатвых школ, у якіх кожны незалежна ад сацыяльнага паходжання мог атрымаць першапачатковую адукацыю. За параўнальна невялікі тэрмін такія школы адкрыты былі ва ўсіх гарадах і найбольш значных мястэчках Беларусі і Украіны. Такім чынам, езуіты ўпершыню ажыццявілі арганізацыю сістэмы школьнай адукацыі, чаго не зрабілі для простага народа ні рэфарматары-пратэстанты, ні праваслаўнае духавенства. З'яўленне езуітаў у Вялікім княстве Літоўскім паклала тут пачатак каталіцкай Контррэфармацыі, якая яшчэ ў большай ступені абвастрыла эканамічную, палітычную, нацыянальна-вызваленчую і рэлігійную барацьбу беларускага і ўкраінскага народаў. Да канца XVI ст. пытанні рэлігіі і веравызнання набылі востры палітычны характар. Яны аказаліся ў цэнтры ўвагі грамадскай думкі і царкоўна-рэлігійнай палемічнай публіцыстыкі.

Наступленне каталіцкай рэакцыі абумовіла новую расстаноўку саслоўна-класавых і нацыянальна-вызваленчых сіл у Вялікім княстве Літоўскім. Размежаванне іх ішло па царкоўна-рэлігійнай прыкмеце. На адным полюсе групаваліся сілы уніяцка-каталіцкага веравызнання, на другім — праваслаўнага. Феадальныя вярхі беларускага і ўкраінскага народаў, прымаючы каталіцызм, станавіліся чужародным элементам у сваім нацыянальным асяроддзі. А каралеўская ўлада Рэчы Паспалітай, карыстаючыся правам патранату, ставіла праваслаўнае духавенства ў поўную залежнасць ад самавольства свецкіх феадалаў. У гэтым складаным грамадска-палітычным становішчы ўвесь цяжар ідэалагічнай барацьбы з каталіцкай экспансіяй лёг на плечы гарадскога насельніцтва праваслаўнага веравызнання. Гараджане, якія мелі вопыт цэхавай арганізацыі, аб'ядноўваліся ў царкоўныя брацтвы, што станавіліся цэнтрамі патрыятычна настроеных сіл Беларусі і Украіны. З мэтай распаўсюджання сярод народных мас асветы на царкоўнаславянскай мове брацтвы адкрывалі прыхадскія школы, арганізоўвалі друкарні і выдавалі кнігі, неабходныя для школьнага навучання, і кнігі рэлігійна-культавага прызначэння. Папулярызацыяй царкоўнай кніжнасці на стараславянскай мове, ужо ў значнай ступені далёкай ад жывой народнай мовы (гэта было самым вялікім недахопам у дзейнасці брацтваў і мела далёка ідучыя вынікі для далейшага развіцця нацыянальнай літаратуры і культуры наогул), займаліся такія відныя прадстаўнікі патрыятычна настроенай магнацкай знаці, як Рыгор Хадкевіч, слуцкі князь Юрый Юр'евіч Алелькавіч, Канстанцін Астрожскі і некаторыя іншыя. З гэтай мэтай у Заблудаўскай друкарні Хадкевіча працавалі маскоўскія першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец.

Наступленне феадальна-каталіцкай рэакцыі, якое завяршылася падпісаннем Брэсцкай уніі 1596 г., выклікала рэзкі пратэст з боку сацыяльных нізоў Украіны і Беларусі. У гэтых умовах абвостранай антыфеадальнай і нацыянальна-рэлігійнай барацьбы, як ніколі раней, узрасло значэнне літаратуры. Яна становіцца адным з магутных сродкаў ідэалагічнай барацьбы, што абумовіла яе шырокае развіццё. Фарміруючы грамадскую думку і накіроўваючы яе ў рэчышча таго ці іншага лагера, літаратура пачынае актыўна ўрывацца ў жыццё народа і становіцца выразніцай яго спадзяванняў. Лепшыя творы вольна або міжвольна садзейнічалі абуджэнню ў беларускага і ўкраінскага вародаў пачуцця нацыянальнай самасвядомасці. Сваім бурным росквітам літаратура перыяду Контррэфармацыі была абавязана развіццю школьнай справы, асветы і кнігадрукавання, якое ажывілася і набыло шырокі размах з часу Рэфармацыі. У новых умовах грамадска-палітычнага жыцця кніга станавілася магутнай аператыўнай зброяй у руках дасведчанага чалавека, служыла яму крыніцай практычна неабходных ведаў, выхоўвала і арганізоўвала.

Выдаўцы не абмяжоўваліся выпускам кніг толькі рэлігійна-культавага і школьнага прызначэння, якімі былі: «Евангелие учительное» (1569), «Псалтырь и Часословец» (1570), «Часовник, в нем же напред и азбуки» (1596), «Наука ку читаню и розуменю писма словенского» (1596), «Грамматика словенска» (1596), «Грамматики словенские правилное синтагма» (1619), «Лексикон словенороский» (1627) і інш. Іх прыцягвалі таксама творы свецкага характару, аб чым сведчаць выданні братоў Мамонічаў, Яна Карцана, Андрэя Волана і некаторых іншых выдаўцоў, якія апублікавалі: «Трибунал обывателем Великого князьства Литовского» (1586), «Статут Великого княства Литовского» (1588), «Универсал поборовый» (1591), «Конституции сеймов», шэраг казанняў на пахаванае розных вяльможаў (1614—1616), «Историю Иудейской войны» Іосіфа Флавія (1595), «Апофегматы», складзеныя Беняшам Будным (1599), асобныя помнікі антычнай літаратуры і інш.

У перыяд абвостранай нацыянальна-рэлігійнай барацьбы літаратура набыла новыя якасці. Пісьменнікі наблізіліся да народа, імкнуліся выказаць свае адносіны да ўсіх актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця. I хоць іх творчасць яшчэ ў значнай ступені прама або ўскосна была звязана з рэлігіяй і царквой, у ёй ужо выразна праяўлялася нарастанне свецкіх элементаў. Узмацненне свецкага пачатку ў літаратурным працэсе было абумоўлена шэрагам прычын, у ліку якіх не апошнюю ролю адыгрывала перакладная літаратура свецкага зместу. Свецкая аповесць, рыцарскі раман, розныя гістарычныя сказанні і аповесці шырока ўжо бытавалі ў літаратурах Заходняй Еўропы. З ростам гандлю і культурных зносін яны пранікалі ў Вялікае княства Літоўскае і ўздзейнічалі на літаратурны працэс.

Важна адзначыць таксама, што з часу Рэфармацыі ў літаратуры пачынае ўзрастаць роля аўтарскага пачатку. У адрозненне ад ранняга Сярэднявечча літаратура перастае быць ананімнай. Пісьменнікі, абараняючы пэўныя ідэалы, з пачуццём уласнай годнасці сцвярджаюць сваё «я». Яны ўжо дастаткова адукаваныя і дасведчаныя людзі і прэтэндуюць на права мець сваё меркаванне па той ці іншай жыццёва важнай праблеме без аглядкі на высокі царкоўны аўтарытэт. У гэтым выразна адбіўся ўплыў ідэй заходнееўрапейскага Адраджэння з яго культам свабоднага чалавека.

Дзякуючы шырокаму выкарыстанню друкарскага станка літаратура перыяду Контррэфармацыі стала болып аператыўнай і мабільнай, што дазволіла ёй значна пашырыць аўдыторыю чытачоў і стаць не толькі крыніцай ведаў, акумулятарам і прапагандыстам стагоддзямі назапашанай народнай мудрасці, але і магутным сродкам ідэалагічнай барацьбы. Вось чаму творы літаратуры таго часу падвяргаліся масаваму знішчэнню ідэолагамі супрацьлеглых лагераў. Кнігадрукаванне аказала велізарны ўплыў на развіццё літаратуры. Аднак яно поўнасцю не выцесніла рукапіснай традыцыі ў справе распаўсюджвання літаратурных помнікаў. Рукапісная літаратура жыла і развівалася ва ўсіх жанрах. Праўда, сфера яе інтарэсаў крыху звузілася. У цэнтры ўвагі рукапіснай літаратуры, як правіла, знаходзіліся пытанні і праблемы, якія датычыліся сацыяльна-бытавога і маральнага жыцця народа.

У перыяд Контррэфармацыі беларуская літаратура значна абнавіла жанравыя формы і мастацка-стылістычныя прыёмы. Асаблівага развіцця ў той час дасягнула публіцыстыка, якая вызначалася адкрытай тэндэнцыйнасцю, палітычнай завостранасцю і эмацыянальным пафасам. У ёй ужо трывала прыжыліся такія спецыфічныя жанры, як прадмова і пасляслоўе, якія былі ўведзены ў літаратурную практыку Ф. Скарынам і без якіх тады не выходзіла амаль ніводная кніга. Публіцыстычныя прадмовы і пасляслоўі ў старадрукаваных кнігах XVI—XVII ст. мелі вялікае грамадска-палітычнае значэнне. Яны адыгралі важную ролю ў справе ажыўлення грамадскай думкі свайго часу і актывізацыі літаратурнай творчасці.

З часоў С. Буднага ў практыку аўтараў і выдаўцоў увайшло правіла суправаджаць свае друкаваныя кнігі панегірычнымі прысвячэннямі таму ці іншаму магнату, на матэрыяльную і маральную падтрымку якіх яны разлічвалі. Такія празаічныя панегірыкі разглядаліся імі як сродак аховы кніг ад вогнішча царкоўнай інквізіцыі.

У беларускай публіцыстыцы перыяду Контррэфармацыі атрымліваюць шырокае распаўсюджанне пасланні, водпаведзі, пародыі, суплікі (чалабітныя), эпікграмы і г. д. Разам з тым з абвастрэннем рэлігійнай палемікі і ажыўленнем царкоўна-клерыкальных элементаў адраджаюцца такія раней забытыя жанры царкоўнага пісьменства, як пропаведзь, слова, трактат, дыялог і інш., якія напаўняюцца ўжо новым ідэйна-палітычным зместам і мастацкай фактурай.

Беларуская літаратура перыяду Контррэфармацыі ў параўнанні з папярэдняй зрабіла рашучы крок наперад у сваім развіцці. Яна пайшла далей па шляху вызвалення ад рэлігійна-царкоўнай ідэалогіі, па шляху дэмакратызацыі, значна ўзбагаціла прыёмы і сродкі адлюстравання жыцця. У ёй адбываўся працэс дэферэнцыяцыі жанраў, разбурэння сярэдневяковага сінкрэтызму і вылучэння на першы план мастацка-эстэтычных функцый. У гэты перыяд узмацнілася сувязь літаратуры з фальклорам (у гумарыстычнай прозе, драматургіі і шэрагу твораў царкоўна-рэлігійнай палемікі). Лепшыя творы з іх жыццесцвярджальным пафасам, пільнай увагай да жыцця простага чалавека садзейнічалі ўсталяванню ў літаратуры свецкага напрамку, паглыбленню працэсу яе гуманізацыі. Адным з важных дасягненняў літаратуры гэтага перыяду з'яўляецца тое, што ў ёй ужо адбывалася паступова зніжэнне сацыяльнага тыпу героя: ад князя і епіскапа да прадстаўніка служылага саслоўя, а потым і да простага, звычайнага чалавека (у палемічнай публіцыстыцы, драматургіі і помніках мемуарнай літаратуры).

Сінтэзуючы ў сабе сярэдневяковыя і рэнесансавыя ідэі і тэндэнцыі, літаратура перыяду Контррэфармацыі была жывым увасабленнем супярэчлівай эпохі, з'яўлялася пераходным этапам у развіцці літаратуры ад царкоўнага да чыста свецкага пісьменства ў наступныя стагоддзі. З гэтай прычыны ёй былі ўласцівы і некаторыя адмоўныя рысы, у ліку якіх перш за ўсё неабходна адзначыць кансерватыўны характар барацьбы Герасіма Сматрыцкага, Васіля Суражскага, Стафана Зізанія, Хрыстафора Філалета супраць прыняцця новага календара, адмаўленне свецкіх навук. У літаратурнай творчасці праваслаўных пісьменнікаў, якія выступалі ў абарону нацыянальных і культурных правоў беларускага і ўкраінскага народаў, вельмі рэдка выкарыстоўвалася жывая народная мова, за ўжыванне якой у свой час змагаўся Ф. Скарына і асабліва В. Цяпінскі. Да жывой мовы народа звярталіся толькі некаторыя публіцысты (Г. Сматрыцкі, I. Вішанскі, манахі Супрасльскага манастыра, А. Філіповіч, у некаторай ступені Л. Карповіч). Большасць жа як праваслаўных, так і уніяцка-каталіцкіх публіцыстаў у сваёй творчасці аддавалі перавагу польскай мове, мове пануючай у Рэчы Паспалітай каталіцкай культуры (С. Зізаній, X. Філалет, М. Сматрыцкі, А. Мужылоўскі, Л. Дравінскі і інш.). Адмоўнай з'явай была і пропаведзь шэрагам палемістаў антыуніяцкага лагера пасіўнага супраціўлення націску каталіцкай агрэсіі, што выразна праявілася ў «Апокрысісе» X. Філалета, «Трэнасе» М. Сматрыцкага, казаннях Л. Карповіча.

Разнастайная па сваіх жанравых формах, стылі і моўным афармленні літаратура канца XVI — першай паловы XVII ст. не была аднароднай і ў ідэйна-палітычных адносінах. У адпаведнасці з інтарэсамі класавых груповак, што выступалі супраць каталіцкай агрэсіі, у ёй вылучаліся тры напрамкі: арыстакратычны, шляхецка-брацкай апазіцыі і плебейскі. Тыповым прадстаўніком арыстакратычнага напрамку быў Хрыстафор Філалет. Ад імя шляхецка-брацкай апазіцыі выступалі Герасім і Мялецій Сматрыцкія, Клірык Астрожскі, Лявонцій Карповіч, Андрэй Мужылоўскі, Захарый Капысценскі і шэраг ананімных аўтараў. Невялікую групу плебейскіх дэмакратаў прадстаўлялі Стафан Зізаній і Афанасій Філіповіч.

Новыя рысы і якасці, якія ўзніклі ў беларускай літа-ратуры канца XVI — першай паловы XVII ст., сведчылі аб глыбокіх ідэйна-эстэтычных змяненнях у ёй, што прывялі ў наступны перыяд да пераўтварэння ўсёй яе мастацкай сістэмы.


1.2 Паэзія. Творчасць Андрэя Рымшы


Новыя віды творчасці, выкліканыя да жыцця самім характарам развіцця літаратуры таго перыяду, акрамя таго, што ўзбагачалі і пашыралі яе ідэйна-эстэтычныя магчымасці, абумовілі з'яўленне ў ёй новых жанраў. Найперш гэта датычыцца паэзіі.

Прыкметнай з'явай у беларускай літаратуры канца XVI — першай паловы XVII стст. было развіццё віршаў, першыя ўзоры якіх на роднай мове даў Ф. Скарына ў сваіх прадмовах да кніг Бібліі. Развіццё кніжнай паэзіі ішло пераважна ў жанры так званых эпікграм — панегірычных апісанняў магнацкіх гербаў. Нягледзячы на гэта, здавалася б, вельмі вузкае практычнае прызначэнне, некаторыя эпікграмы ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага і рэлігійнага руху часамі набывалі вострае грамадска-палітычнае і патрыятычвае гучанне. Паступова паэзія пашырала сваю тэматыку, жанравыя формы, мастацкія сродкі і вылучалася ў самастойны від літаратурнай творчасці. У XVII ст. побач з паэзіяй на роднай мове ў Беларусі значнае месца займала паэзія на польскай (А. Рымша, Д. Набароўскі) і лацінскай мовах. Беларуская паэзія канца XVI — першай паловы XVII стст. па сваім характары была пераважна панегірычнай і развівалася ў стылі барока.

Яшчэ адной важнай асаблівасцю беларуска- і польскамоўнай паэзіі Беларусі канца XVI — першай паловы XVII стст. (ды і пазнейшага часу) з’яўлялася культываванне сілабікі. Як вядома, першыя ўзоры сілабічнага верша на Беларусі належаць Ф. Скарыне. Вяршыняй жа беларускай сілабічнай паэзіі з’яўляюцца творы С. Полацкага.

У паэзіі аналізуемага перыяду пераважалі два асноўныя тыпы (паводле тэматыкі, а часткова і жанравай прыналежнасці) твораў: панегірычныя (усхваляльныя) і рэлігійныя (рэлігійна-медытатыўныя).

Узвышаны тон, ідэалізацыя знакамітых асоб у беларускай сілабічнай паэзіі канца XVI — першай паловы XVII ст. выўляюць не столькі абмежаванасць ці дагматызм мыслення, колькі складанасць і супярэчлівасць грамадска-палітычнага жыцця ў перыяд узмацнення польска-каталіцкай экспансіі на землях Беларусі, Літвы і Украіны, трагічнае, часта безвыходнае становішча дзеячаў тагачаснай культуры (яны шукалі сваіх абаронцаў і мецэнатаў). Менавіта такімі ўнутранымі творча-псіхалагічнымі матывамі можна растлумачыць зараджэнне панегірычных жанраў і на больш ранніх гістарычных этапах, у тым ліку і ў эпоху антычвасці.

Больш вузкімі, прагматычнымі прычынамі тлумачыцца з'яўленне рэлігійных кантычак, прызначаных для патрэб чыста канфесіянальных. Мастацкія вартасці гэтых твораў даволі абмежаваныя, яны па сутнасці не дасягнулі ўзроўню літургічнай літаратуры старажытнага перыяду (такіх твораў, напрыклад, як «словы» Кірылы Тураўскага).

Найбольш яркімі і адметнымі фігурамі ў паэзіі канца XVI — першай паловы XVII стст. з’яўляюцца Л. Мамоніч, Л. Зізаній, К. Філалет, Віталій, М. Сматрыцкі, А. Мужылоўскі, Я. Пашкевіч, С. Собаль, І. Труцэвіч, А. Філіповіч.

Лявон Мамоніч з 1601 па 1623 год выдаваў у Вільні кнігі уніяцкага і праваслаўнага накірункаў на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай і лацінскай мовах. Пісаў да іх прадмовы і вершаваныя прысвячэнні. Захаваліся такія яго вершаваныя творы, як «На герб зацного дому его милости пана Лукаша Ивановича Мамонича, старосты Дисненского и скарбного Великого Князтва Литовского и прочая», «На герб его милости пана Симеона Войны», «На герб ясневелможного пана, его милости, пана Лео Сапеги, канцлера найвышшого Великого Князтва Литовского, Пернавского, Могилевского и прочых старосты», «Епикграма». Усе яны маюць, як бачна з назваў, панегірычны характар.

Лаўрэнцій Зізаній (Тустаноўскі) — вядомы педагог (аўтар першага беларускага буквара і першай усходнеславянскай «Граматыкі», 1596), царкоўны дзеяч («Катэхізіс», 1627), перакладчык канца XVI — першай паловы XVII стст. пакінуў пасля сябе такія вершаваныя творы, як «Эпіграма на грамматіку», «Стіхи к младенцам, вводящіи их на дело», «Типограф младенцем».

Беларускі і ўкраінскі пісьменнік-палеміст, праціўнік Брэсцкай уніі, аўтар вядомай працы «Апокрысіс» (1598) Хрыстафор Філалет з’яўляецца аўтарам цікавага верша аб карысці друкаванага слова «Книжка до минаючих мовит».

Паэт Віталій пакінуў пасля сябе такія вершаваныя творы філасофска-тэалагічнага зместу, як «Хрест ся Христов славою верных именует...», «Ниже кто Христу любезный бывает...», «Коль праведно нарицается сей мир...» і інш.

Вершаваная спадчына Мялеція Сматрыцкага ўключае ў сабе ў асноўным панегірычныя творы. Гэта «На старожитныи клейноты их милостей княжат Окгинских и их милостей панов Воловичей», «На старожитный клейнот их милостей княжат Соломирицких», «На старожитный клейнот их милостей панов Ходкевичов», «Лямент у света убогих на жалостное преставленіе святобливого а в обои добродетели богатого мужа, в Бозе велебного господина отца Леонтіа Карповича...».

Яну Казіміру Пашкевічу належыць славуты грамадзянска-патрыятычны верш «Полска квитнет лациною...».

Спірыдон Собаль, Іосіф Палоўка, Іаіль Труцэвіч выступалі ў асноўным як паэты-панегірысты.

Вядомы грамадскі, палітычны і царкоўны дзеяч, праціўнік уніі і абаронца праваслаўя Афанасій Філіповіч пакінуў пасля сябе даволі вялікі па памерах верш на адпаведную тэматыку «Даруй покой церкви своей, Христе Боже...».

Самай жа значнай фігурай у паэзіі канца XVI — першай паловы XVII стст. з’ўляецца Андрэй Рымша.

А. Рымша нарадзіўся каля 1550 г. у маёнтку Пяньчын Навагрудскага ваяв. (цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) у шляхецкай сям'і. Вучыўся, паводле некаторых звестак, у Астрожскай школе на Валыні. Там, у мясцовай друкарні князя Канстанціна (Васіля) Астрожскага, 5.5.1581 г. выдаў свой першы вучнёўскі верш «Храналогія» — дванаццаць пар зарыфмаваных двухрадкоўяў, напісаных уласцівым для паэта 12- і 13-складовым сілабічным вершам з цэзурай. Тут сцісла выкладзены пэўныя біблейскія падзеі, што адбыліся ў розныя месяцы года, прычым назвы месяцаў даюцца на трох мовах — беларускай літаратурнай мове 16 ст., старажытнаяўрэйскай і простанароднай, блізкай да мовы канцылярскіх папераў таго часу. Са скупых біяграфічных звестак пра А. Рымшу вядома, што з 1572 г. ён знаходзіўся на прыдворнай службе ў палявога гетмана Вялікага княства Літоўскага Крыштофа Радзівіла Перуна (1547—1604). Пэўна, у той час і завязаліся сяброўскія адносіны А. Рымшы з польскамоўнымі паэтамі Янам Казаковічам і Янам Радванам. Відаць, пад уплывам іх творчасці ён пачаў пісаць на польскай мове. Разам са сваім мецэнатам А. Рымша прымаў удзел у аблозе Пскова войскам Стэфана Баторыя (1582). У 1583 г., з'яўляючыся ўжо падстаростам маёнтка К. Радзівіла ў Біржах (на тэрыторыі сучаснай Літвы), ён напісаў значную па памерах (2184 рыфмаваныя радкі) паэму на польскай мове, якая ў 1585 г. была выдадзена ў Вільні пад загалоўкам «Dесеtеrоs асrоаmае, або Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы Крыштофа Радзівіла...». У гэтым творы, прысвечаным вайне 1572–1582 гг. паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, удзельнікам якой быў і сам паэт, цэнтральнай фігурай з'яўляецца К. Радзівіл, панегірычнае праслаўленне якога складае аснову аўтарскай задумы. А. Рымшу ўдалося пераканальна апісаць цяжкасці вайсковых паходаў, умовы жыцця ў ваенных лагерах, даць дэталёвую выяву асобных батальных сцэн, што сведчыць пра здольнасць аўтара да стварэння буйнамаштабных і складаных па кампазіцыі твораў.

Пасля напісання згаданай паэмы А. Рымша стварае тры эмблематычныя вершы-панегірыкі («эпикграммы») на беларускай мове, прысвечаныя выдатным дзяржаўным дзеячам Вялікага княства Літоўскага — падканцлеру (з 11.3.1586 г. — канцлеру) Я. Валовічу, былому падканцлеру (з красавІка 1581 г. — канцлеру), укладальніку трэцяй рэдакцыі Статута (1588) Л. Сапегу і навагрудскаму ваяводзе (з 13.3.1590 г.) Ф. Тышкевічу. Гэтыя вершаваныя «эпикграммы» на гербы пералічаных асоб былі выдадзены ў віленскай друкарні Мамонічаў у 1585, 1588 і 1591 гг. У ідэйна-эстэтычным плане асаблівую цікавасць выклікае змест «эпикграммы» на герб Л. Сапегі, дзе паэт услаўляе гэтага магната як патрыёта і абаронцу Вялікага княства Літоўскага, якому пануючыя вярхі Рэчы Паспалітай, зыходзячы з актаў Люблінскай уніі 1569 г., адмаўлялі ў праве на дзяржаўную самастойнасць і адносную незалежнасць ад Польшчы. Аўтар салідарны з «адрасатам» верша ў пытанні абароны правоў Вялікага княства Літоўскага ад экспансіўных дамаганняў кіруючых колаў польскай шляхты. Па сваім змесце надзвычай блізка да гэтай «эпікграммы» стаіць і верш, прысвечаны гербу Ф. Скуміна, дзе А. Рымша ўзнёсла апявае патрыятычныя подзвігі роду Скумінаў, якія «веру з мужством отчызне сваёй заховали».

Апошняй дакладнай звесткай з біяграфіі А. Рымшы з'яўляецца тое, што ў 1593 г. ім зроблены, а ў 1595 г. надрукаваны ў Вільні пераклад з лацінскай мовы на польскую твора А. Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... Святой зямлі» (у 17 ст. гэты твор быў перакладзены і на рускую мову ў Маскве).


1.3 Проза: парадыйна-сатырычныя творы

паэзія літаратура творчасць проза

Сярод празаічных помнікаў пісьменства канца ХVI —першай паловы ХVIІ стст. своеасаблівае месца займаюць гумарыстычныя, парадыйна-сатырычныя творы, характэрнай асаблівасцю якіх былі вострая палітычная накіраванасць і каларытная жывая народная мова. Вядомы пакуль што тры помнікі: «Пасланне апосталу Пятру», напісанае езуітамі з выпадку смерці віленскага праваслаўнага купца Залатовіча як хадайніцтва прапусціць яго ў райскія вароты, «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Яны надзвычай насычаны вобразнымі параўнаннямі, яркімі і трапнымі прыказкамі і прымаўкамі, сакавітымі фразеалагізмамі.

Найбольш значным па шырыні пастаўленых сацыяльна-палітычных праблем грамадскага жыцця другой чвэрці XVII ст. з'яўляецца ананімны твор «Прамова Мялешкі». Выключна свецкая па змесце «Прамова Мялешкі» — гэта літаратурная пародыя на сеймавую прамову, нібыта сказаную Мялешкам у 1589 г. у прысутнасці караля, востры палітычны памфлет, сатыра на грамадска-палітычныя парадкі, якія панавалі ў тагачаснай Рэчы Паспалітай і прывіваліся на Беларусі і Украіне польскімі і нямецкімі прышэльцамі, сатыра на норавы прышэльцаў і іх паслядоўнікаў з ліку найболып заможнай і апалячанай беларускай і ўкраінскай шляхты першай паловы XVII ст.

Робячы рэальную гістарычную асобу — Івана Мялешку — рупарам сваіх грамадскіх і ідэйна-палітычных поглядаў на сучаснае яму жыццё, ананімны аўтар гэтай цікавай па форме і змесце пародыі на сеймавую прамову выступае шчырым патрыётам-дэмакратам, для якога былі дарагія радзіма, народ і яго лёс, за паляпшэнне якога ён змагаўся вострым словам публіцыста-сатырыка. Гэта быў добра адукаваны шляхціц, які дасканала ведаў палітычнае жыццё тагачаснай Рэчы Паспалітай і нават быў у курсе звычаяў каралеўскага двара Сігізмунда ІІІ Вазы. Валодаючы мастацкім талентам забаўнага апавядальніка, пісьменнік вуснамі свайго героя, прозвішча якога ў пэўнай ступені адпавядала фрывольнаму, сатырычнаму характару тэксту выдуманай «Прамовы», стварыў твор вялікага грамадскага гучання. Яго герой добра разумее тое сумнае, цяжкае і па сутнасці бязвыхаднае становішча, якое склалася для жыхароў Вялікага княства Літоўскага пасля Люблінскай уніі, калі пачалася карэнная ломка ўсяго бытавога, эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця, падпарадкаванага непажаданаму, а часам і здзіўляючаму па сваёй дзікасці замежнаму ўплыву, які ўносіў дысананс у прывычны, вякамі выпрацаваны парадак. I вось ён, трапіўшы па родзе сваёй службы на дзяржаўны сейм Рэчы Паспалітай, разгублены, таму што раней «на таких зьездах николи не бывал и з королем его милостью николи не заседал», пры ўсёй сваёй уяўнай наіўнасці асмельваецца на выступленне перад каралём і дэпутатамі сейма. Ён праяўляе сябе далёка не прасцяком, а прынцыповым і мужным грамадзянінам, які можа смела, калі трэба, «солею в очи» кінуць. Не баючыся, Іван Мялешка супастаўляе час панавання Сігізмунда III з эпохаю Жыгімонта I і падкрэслівае, што такое супастаўленне не робіць гонару першаму, як і яго папярэдніку Жыгімонту II. Наплыў у Вялікае княства Літоўскае іншаземцаў меў пэўны негатыўны ўплыў на народную культуру, на грамадзянскія паводзіны, мараль, норавы прывілеяваных слаёў мясцовай шляхты. У выніку, гаворыць прамоўца, «много тутако таких ест, што хоть наша костка, аднак собачим мясом обрасла и воняет».

Аўтар «Прамовы Мялешкі» падае свайго героя чалавекам старамодным. Па гэтай прычыне ён часам паўстае перад чытачом у досыць смешным выглядзе. Яго тырада супраць гадзіннікаў (бо пеўні, на яго думку, лепш за ўсялякія гадзіннікі паказваюць час), супраць «непрыстойных» паводзін іншаземных слуг за сталом і ў дачыненні да жанчын выклікае ў чытача камедыйны настрой. Крытыка ў творы ўсіх заганных рыс сямейна-бытавога і грамадскага жыцця ў большасці выпадкаў пададзена тонка і дасціпна. Тое, што аўтар імкнуўся надаць герою некаторыя камічныя рысы, цалкам апраўдала сябе і забяспечыла твору шырокую папулярнасць у свой час, аб чым сведчаць рукапісныя спісы, якія захаваліся да нашых дзён і некаторыя публікацыі іх, зробленыя ў XIX і XX ст. Мова гэтага помніка ўзорная па сваёй лексічнай чысціні і граматычным ладзе. Яна багата ўвабрала ў сябе сінанімію і вобразвыя выяўленчыя сродкі вуснай народнай творчасці ўсходняй і паўднёва-заходняй тэрыторыі тагачасных беларускіх зямель. Пісьменнік імкнуўся пісаць проста і ясна, на эмацыянальна-выразнай мове, аздобленай прыказкамі, прымаўкамі, словамі-вобразамі, параўнаннямі, метафарамі, якія абумоўлівалі больш выразнае эстэтычнае гучанне твора.

Надзвычай блізкім па сваёй ідэйнай накіраванасці і мастацкіх прыёмах да «Прамовы Мялешкі» з'яўляецца «Ліст да Абуховіча», напісаны навагрудскім шляхціцам Цыпрыянам Камунякам 6 ліпеня 1655 г.

Як і «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», дзякуючы сваёй сатырычнай накіраванасці супраць польска-шляхецкай улады, карыстаўся выключнай папулярнасцю сярод беларускага народа. Яго чыталі і перапісвалі, пра што сведчаць тры спіскі, якія захаваліся да нашага часу. Аднак у параўнанні з «Прамовай Мялешкі» гэты сатырычны твор крыху вузейшага маштабу. Сатырычнаму выкрыццю тут падвяргаецца толькі адзін бок тагачаснай рэчаіснасці Рэчы Паспалітай, а іменна — амаральнасць і прадажнасць службовай шляхты, яе бяздарнасць у дзяржаўным кіраванні, асабліва ў ваеннай справе, на якую яна мела манапольнае права.

З'яўленне «Ліста» было абумоўлена канкрэтным гістарычным фактам здачы Смаленска 24 верасня 1654 г. рускаму войску, якім камандаваў ваявода Міхаіл Барысавіч Шэін. Камандаванне ж смаленскім гарнізонам Рэчы Паспалітай у той час ажыццяўляў Піліп Казімір Абуховіч. Гэта быў прадстаўнік буйной паланізаванай шляхты Мазырскага павета. У свой час ён закончыў Замойскую акадэмію і праславіўся як выдатны прамоўца. Пісаў і друкаваў вершы на лацінскай мове і пакінуў пасля сябе ўспаміны, напісаныя на польскай мове. У 1632 г. Абуховіч быў дэлегатам на сейм ад Мазырскага павета. З гэтага часу ён неаднаразова быў паслом ад розных паветаў і выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні. За паспяховае выкананне гэтых даручэнняў ён 25 верасня 1653 г. атрымаў ад караля Яна Казіміра Вазы пасаду смаленскага ваяводы, на якой пратрымаўся толькі да 29 верасня 1654 г., калі яго гарнізон, які амаль напалову складаўся з наёмнікаў (і гэта абумовіла ў пэўнай ступені яго арганізацыйную і ваенную слабасць), пасля 110-дзённай аблогі горада Шэіным добраахвотна здаўся. Паводле ўмоў капітуляцыі, усім жадаючым вярнуцца на радзіму была дадзена такая магчымасць, якую і выкарыстаў сам Піліп Абуховіч з большай часткаю свайго войска. Аднак пасля гэтага ў хуткім часе грамадская думка абвінаваціла Абуховіча ў дзяржаўнай здрадзе Рэчы Паспалітай, сцвярджаючы, што ваявода быў падкуплены. А паколькі такая магчымасць лічылася з прычыны слабага забеспячэння войска і іншых меркаванняў надзвычай верагоднай, супраць Абуховіча была ўзбуджана судовая справа. Але пакуль яна разбіралася, Абуховіч 6 верасня 1656 г. памёр, а ў 1658 г. яго сыны даказалі на сейме абсалютную невіноўнасць бацькі і тым самым рэабілітавалі яго. Судовая ж справа супраць Абуховіча была ўзнята на сейме 19 мая 1655 г. Такім чынам, «Ліст да Абуховіча» быў напісаны пад непасрэдным уражаннем ад грамадскіх падзей.

Аўтар «Ліста» Цыпрыян Камуняка прытрымліваўся грамадскай думкі, якая абвінавачвала Піліпа Абуховіча ў прадажніцтве і здрадзе дзяржаўным інтарэсам Рэчы Паспалітай; з гэтай пазіцыі ён крытыкуе Абуховіча і тым самым выступае супраць польскага засілля на беларускіх землях, якое ў сярэдзіне XVII ст. было ўжо вельмі адчувальным.

У гэтым памфлеце, напісаным у форме прыватнага ліста да былога смаленскага ваяводы, аўтар з'едліва высмейвае польскую і мясцовую апалячаную служылую шляхту, прадстаўніком якой быў Піліп Абуховіч, паказвае яе бяздарнасць у ваеннай справе і палітыцы, хцівасць і зайздрасць. «Ліст да Абуховіча» цікавіць нас не толькі як выдатны для свайго часу ўзор вострай палітычнай сатыры, але і як бліскучы літаратурны помнік, напісаны добрай вобразнай, рытмізаванай і рыфмаванай народнай моваю, багата аздобленай шматлікімі мастацкімі выяўленчымі сродкамі вуснай паэтычнай творчасці. Аўтарская мова густа перасыпана трапнымі параўнаннямі, каларытнымі фразеалагізмамі, народнымі прыказкамі і прымаўкамі. Яна прасякнута з'едлівай іроніяй, з якой пісьменнік звяртаецца да свайго адрасата, каб «даведацца» пра яго здароўе пасля здачы Смаленска, і просіць прабачэння, што не называе яго службовага тытула, бо лічыць, «коли Смоленск оддали, то и тытул продали». Далей гэта іронія перарастае ў гнеўны сарказм. Пісьменнік зазначае: «Лепей было, пане Филипе, седзець табе у Ліпе» (у навагрудскім родавым маёнтку), а цяпер «увалявся есь в великую славу, як свиня у грась».

Высвятляючы прычыны здачы Смаленска, Цыпрыян Камуняка прыходзіць да вываду, што гэтаму садзейнічала тое, што салдаты смаленскага гарнізона Абуховіча займаліся больш гандлёвымі, чым вайсковымі справамі, а таму гублялі свой баявы дух і ўрэшце схілілі Абуховіча за вялікі хабар здаць праціўніку горад. А таму невыпадкова ён зазначае, што Піліпу Абуховічу лепш было б быць у войску пісарам, чым ваяводам, паколькі такая пасада больш адпавядала б яго спадчынным маральным якасцям і здольнасцям, бо яго дзед, «коли генералом быв в Мозыру» то, — слышав, — што за малые грошы неправду продавав», а бацька яго «судёю будучы мозырским за моей памяти, у кого больш узяв, того хорошо осудив».

Калі ў «Прамове Мялешкі» крытыка скіравана не столькі супраць канкрэтных асоб, колькі супраць агульных грамадскіх заган, дзякуючы чаму яна з'яўляецца больш глыбокай, дык у «Лісце да Абуховіча» яна адрасавана пэўнай асобе, а таму больш рэзкая, хоць і не такая ўсеабдымная, як у «Прамове Мялешкі». А пачцівыя звароты аўтара да Абуховіча надаюць твору саркастычны характар. Смела выказваючы трывогу з выпадку катастрафічнага становішча сваёй радзімы ў складзе Рэчы Паспалітай, адкрыта ўказваючы на вялікую небяспеку для гістарычнага развіцця Беларусі іншаземнага засілля ў ёй і здрадніцкай палітыкі мясцовых феадалаў, аўтары «Прамовы» і «Ліста» выяўлялі погляды і імкненні дэмакратычнай большасці беларускага народа.

«Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» з'явіліся крокам наперад у развіцці беларускай літаратуры па шляху ўзмацнення ў ёй крытычнага пафасу і далейшай дэмакратызацыі, шырокага і арганічнага выкарыстання народнай мовы, народнага гумару і сатыры, трапных выяўленчых сродкаў.


1.4 Драматургія


У сувязі з развіццём школьнай адукацыі пачаўся працэс зараджэння драматургіі, якая тады, як правіла, мела прыкладное значэнне і выконвала функцыю царкоўнага павучання. Яе першымі спробамі былі інсцэніроўкі асобных біблейскіх сюжэтаў і матываў для прапаганды хрысціянскай маралі і сцэнічнай інтэрпрэтацыі падзей царкоўнай гісторыі. Пісалі творы школьнай драмы на польскай і лацінскай мовах. Гэты прагматычны, ілюстрацыйна-маралізатарскі характар школьная драматургія імкнулася захаваць нават тады, калі пад уплывам рэальнага жыцця яна вымушана была ўводзіць у свае творы народна-бытавыя элементы. Нарастанне і замацаванне ў ёй гэтых элементаў адбывалася галоўным чынам ва ўстаўных, часта сюжэтна не звязаных з тэкстам школьных драм камедыйных сцэнах з жыцця і быту простага народа. Называліся яны інтэрмедыямі або інтэрлюдыямі і разыгрываліся ў антрактах паміж дзеямі драмы. Інтэрмедыі з цягам часу набывалі самастойнае, незалежнае літаратурна-сцэнічнае жыццё і атрымалі шырокае распаўсюджанне ў народзе. Змест і характар мастацкай структуры інтэрмедый былі цесна звязаны з фальклорам, і ў прыватнасці, з такімі яго формамі, як бытавы і сатырычны анекдот, жарт, дасціпны каламбур, гумарэска і г. д. Арганічная сувязь інтэрмедый з вуснай народнай творчасцю была прычынай іх шырокай папулярнасці. А гэта няўхільна вяло да таго, што драматургія паступова станавілася свецкай, аўтары п'ес звярнуліся да шырокага выкарыстання народных прыёмаў гумару і сатыры, жывой гутарковай мовы з яе багатым арсеналам мастацкіх сродкаў, што садзейнічала ўзнікненню ў школьнай драматургіі камедыйнага жанру.

Інтэрмедыя «Цімон Гардзілюд» віленскага іезуіта К. Пянткоўскага (зазначым, што пераважная большасць інтэрмедый не маюць сталых аўтараў, дакладней, прозвішчы іх не захаваліся) датуецца 1584 г. Яна была напісана і выканана ў сувязі з пачаткам новага навучальнага года. Па-беларуску ў інтэрмедыі размаўляе Шавец, які спрабуе наладзіць галоўнаму герою твора Цімону Мізантропу (так яго ўсе называюць) своеасаблівы, сатырычна-здзеклівы экзамен. Шавец пакеплівае над псеўдавучонасцю Цімона. Дадзены матыў потым будзе часта фігураваць у беларускіх інтэрмедыях.

Да аналізуемага перыяду адносяцца таксама дзве інтэрмедыі да драмы «Камедыя пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў». Іх аўтарам з’яўляецца Я. Пылінскі. Адна з гэтых інтэрмедый вершаваная, другая напісана прозай. Пэўная тэматычная адметнасць першай — у прывядзенні ў ёй легенды аб тым, як чорт стварыў казу. У цэнтры другой інтэрмедыі знаходзіцца спрэчка стоража-уніята і праваслаўнага селяніна Івана наконт веры. Дарэчы, яна распачынаецца яшчэ ў першай інтэрмедыі. Уніят прымусова схіляе Івана да сваёй веры, падставіўшы руку селяніна пад агонь. Гэтая сцэна — адно з яскравых пацверджанняў гвалтоўнага далучэння праваслаўных сялян-беларусаў да уніяцтва.

Тэматычна да інтэрмедый з драмы «Камедыя пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» прымыкае сцэна «Дышкурс жыдовіна са скамарохам», якая датуецца першай паловай ХVІІ ст. У ёй паказаны дыспут іудзеяў і праваслаўных наконт пытання, чыя вера лепшая. Затым у творы ідзе шырока вядомая спрэчка адносна паходжання курыцы і яйка, а таксама рэлігійных свят.

Да першай паловы XVII ст. адносіцца інтэрмедыя «Чорт і яго хлопцы, селянін, яўрэй», больш вядомая пад умоўнай назвай «Чорт Асмалейка». Кпіны тут скіраваны супраць міфічнай істоты, якую хрысціянская царква лічыць увасабленнем зла. Камічны эфект у інтэрмедыі ствараецца тым, што ўсемагутны чорт, які, паводле народных вераванняў, валодае цудадзейнымі сродкамі, сам цяжка захварэў і, каб не памерці, звяртаецца за дапамогай да знахароў і варажбітоў. Вылечыць Асмалейку бярэцца селянін, які карыстаецца абсурднымі сродкамі. Каб выпусціць “цвыркуноў” з галавы чорта, лекар вырашыў чорту «свердлам лоб пракруціці»; ратуючы ад уяўных мух, «устрэльвае» яму нос. Асмалейка — постаць гратэскная, ірацыянальная, супярэчлівая і таму цалкам барочная. Інтэрмедыя далёкая ад рэальнага жыцця, а камізм яе прымітыўны, разлічаны на непатрабавальнага гледача.


Спіс выкарыстаных крыніц


1. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006.

2. Старабеларуская літаратура XI—XVIII стст. Хрэстаматыя / Уклад., прадм. Г. Тварановіч. Беласток, 2004.

3. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. - Мн., 1984—1987.

4. Ахрыменка П.П. Старажытная беларуская літаратура / Ахрыменка П.П., Ларчанка М.Р. - Мн., 1968.

Рефетека ру refoteka@gmail.com