Кантрольная работа па
беларускай літаратуры XX ст.
У. Караткевіч: паэт – мастак – пясняр
студэнткі АЗН ФСФ
рускага аддзялення
МДУ Куляшова
Магілёў
2010
План
Уводзіны
Сацыяльна–філасофская накіраванасць паэзіі
Маральна–эстэтычная накіраванасць паэзіі
Паэзія і вусная народная творчасць
Любоўная лірыка
Вывад
Уводзіны
Быў.Ёсць.Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
Удадзімір Караткевіч
Удадзімір Караткевіч – яркая творчая індывідуальнасць. І менавіта ім, выдатным майстрам слова, неардынарнай творчай асобай, ганарыцца беларуская паэзія другой паловы ХХ стагоддзя.
Уладзімір Караткевіч як паэт ярка сцвярдзіў сябе ў другой палове 50 -60 гадоў. Гэта быў час Хрушчоўскай адлігі – так называлі перыяд пасля ХХ партыйнага з’езда, калі ў літаратуры была асуджана “Тэорыя безканфліктнасці”, назіраўся духоўны уздым, сцвяржалася права на уласнае “я”, мастацкі пошук. Пра творчыя поспехі і дасягненні Караткевіча-паэта засведчылі кнігі “Матчына душа”(1958), “Вячэрнія ветразі”(1960), “Мая Іліяда”(1969).
70 гады не былі вельмі спрыяльнымі для разняволенай мастацкай творчасці, паколькі ад літаратуры вымагалі камуністычнай ідэйнасці, пафаснага услаўлення Леніна, мудрай палітыкі партыі. У так званыя застойныя гады творчасць У.Караткевіча была эстэтычна паўнавартастнай і прыкметна узвышалася над традыцыйна- банальнай, ілюстрацыйна- павярхоўнай літаратурнай прадукцыяй.
Слушна і справядліва гаворыць Р.Барадулін у прадмове да кнігі “Быў.Ёсць.Буду.”(1986), што “любая літаратура можа сказаць , што яна багатая і сталая, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча”. Крэатыўнасць яго творчай асобы проста ўражвае , захапляе.Перад намі – патрыёт - адраджэнец. Паэт-прарок сучаснай Беларусі.
Уладзімір Караткевіч – асоба шматграннага і рознабаковага таленту: паэт, празаік, драматург, перакладчык, публіцыст, крытык, кінасцэнарыст.
1 Сацыяльна – філасофская накіраванасть паэзіі
У якасці паэтычнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча засталіся чатыры паэтычныя сборнікі: “Матчына душа”, “Вячэрнія ветразі”, “Мая Іліяда”, “Быў.Ёсць.Буду.”. Толькі чатыры... Яго чатыры сборнікі - гэта сапраўдны літаратурны скарб, адметны набытак беларускай літаратуры. Змешчаныя ў іх вершы, паэмы, балады, рамансы, прысвячэнні, песні, прытчы, оды, рэквіемы ў значнай меры кампенсуюць відавочны на першы погляд “колькасны” недахоп.
А.Сідарэвіч лічыць, што галоўны сакрэт паэзіі заключаецца ў духоўнай узнёсласці герояў, узнёсласці манеры апавядання, узнёсласці паэтычнага выказвання паэта.
Я.Брыль тлумачыць паэтычны фенамен “раскошнай раскаваннасцю, буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях”.
Я.Сіпакоў лічыць, што характарызуецца адданасцю, улюблёнасцю ў родную Беларусь – з аднаго боку, і гістарызмам мыслення – з другога.
А.Верабей – аўтар манаграфіі аб творчасці У.Караткевіча “Жывая повязь часоў” лічыці , што “характэрнай асаблівасцю паэзіі з’яўляецца яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Як і ў ранніх, так і ў пазнейшых яго вершах можна знайсці рэмінісцэнцыі, матывы, вобразы і нават ідэі прадстаўнікоў літаратуры і культуры самых розных часоў і народаў.”
Сам У.Караткевіч сваю цікаўнасць да гісторыі тлумачыў так: “Быўшы філолагам нельга не быць гісторыкам”Для яго галоўнае - праз духоўнае засваенне мінуўшчыны як мага паўней аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі жыцця беларусаў, даследаваць вытокі іх мастацкай самасвядомасці, калектэвізму, патрыятызму, інтэрнацыяналізму, убачыць узаемаабумоўленасць сацыяльнага і нацыянальнага жыцця народа, прасачыць глыбінную сувязь мінулага з сённяшнімі праблемамі. Галоунымі сферамі даследвання выступалі тры ўзаемасвязаныя стыхіі – людзі, гісторыя, прырода.
Вершы пра мінулае роднай зямлі У.Караткевіч вызначае раскаваннасцю мыслення ў часе, рамантычна – ўзнёслай афарбаванасцю пачуцця. Беларускае мінулае ён паказвае ў гераічным і таргічным святле, імкнецца да эпічнай разгорнатасці выказвання. Усхваляваны патрыятычны пафас, страснасць пачуцця выяўляецца ў творах: “Беларуская песня”, “Балада пра паўстанца Ваўкалаку”, “Баявыя вазы”, “Скарыны пакідае радзіму”, “Балада плахі” і інш.
О, зямля, святая калодніца,
Гора, мужнасці, смерці юдоль!
У былым іх трушчобы няветлыя,
У сучасным – глухая турма,
І няма для іх раю светлага,
І суда іхнім катам – няма.
Толькі час вам уздасць поўнай мераю.
Але ўсё ж – пакуль прыйде той час, -
Калі ёсць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць – то для вас.
“Балада плахі” 4,141]
У.Караткевіч шукае выхад на больш высокія ступені грамадскага развіцця, больш глыбокае пранікненне ў вытокі і сутнасць рухаючай сілы барацьбы народа супроць прыгнятальнікаў. Паэт дае ўражлівую карціну прыгнёту беларускага сялянства на пачатку дзевятнаццатага стагоддзя:
Абжыраюць удоў,
П’юць з гарэлкай сірочыя слёзы,
Тлустым задам расселіся
На паднявольнай зямлі,
На шлагбаумы мёртвыя
Пасякалі жывыя бярозы,
На шпіцрутэны гнуткія
Запаведныя вербы звялі.
“Паўлюк Багрым” [4,29]
Найвышэйшы ідэал для паэта – “Край свой родны”, і таму яго душа поўнілася болем за Беларусь. Яго лірычны герой – мужны духоўны заступнік Бацькаўшчыны. У вершах гучыць прызнанне ў любові да бацькоўскага краю, паэт гаворыць пра богаабранасць роднай зямлі:
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
“На Беларусі бог жыве”, -
І няхай давеку жыве.
“На Беларусі бог жыве”[4, 241]
У сваіх вершах паэт вядзе размову пра адносіны героя да родных мясцін і пра яго гатоўнасць да самаахвярнасці ў імя дабрабыту і шчасця роднай Беларусі, пра паэтычнае ўслаўленне прыгажосці беларускага краю і пра еднасць беларускага народа з іншымі народамі, пра нескароннасць і мужнасць беларусаў у барацьбе за свабоду і незалежнасць. Пра горад ў якім ён нарадзіўся піша:
Паслухайце: наш ён, наш горад,
Няхай і суровы часам, -
Працоўнае гордае права
Здабыў у цяжкой барацьбе,
Гэта наш родны горад,
Яму не патрэбны прыкрасы,
Ён сам для сябе прыкраса
І гордасць сам для сябе.
“Орша” [ 4, 19]
Яскрава і бачна імкнецца паэт да спасціжэння гісторыі развіцця беларусаў, вытокаў іх культуры, эстэтычнай і маральнай свядомасці. Паэт з гордасцю піша, што, калі б мы забыліся пра родную мову, мы б не былі ні народам , ні нацыяй:
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне не скажа: “Братка,здароў”.
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Песня, шчасце, каханне, спакой, -
Усё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ты мой ясны хлеб і каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі,
Без цябе, не з табой – не патрэбен мне рай
На душы. У небясі. На зямлі.
“Мова” [4,364]
Паэт не выстаўляў сябе крыклівым патрыётам, ён толькі зрабіў ўсё магчымае, каб яго любоў да роднай зямлі перадалася новым пакаленням беларусаў:
Хай канец, хай атлантаў цяжар на маю несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасце каханай старонцы маёй.
“На роднай магіле”[ 4,215]
В.Палтаран дала аб’ектыўную ацэнку дзейнасці У.Караткевіча : “Якраз у паэзіі і ўвасобілася з найбольшай сілай ідэя, з якой Караткевіч прыйшоў у літаратуру , у паэзіі з найбольшай поўнасцю ён здзейсніўся як мастак”
2 Маральна–эстэтычная накіраванасць паэзіі
Для паэзіі У.Караткевіча характэрны некалькі кірункаў мастацкага аналізу праблем маралі і эстэтыкі:
1) гэта імкненне глыбока пранікнуці у духоўны свет чалавека, спасцігнуць яго характар, матывы яго паводзін, дзеянняў і учынкаў, ажыццявіць мастацкае даследванне тых маральных якасцей асобы, што спрыяюць поўнай рэалізацыі “чалавечага” ў чалавеку.
2) гэта паэтычны аналіз адвечнай маральнай сітуацыі – барацьбы дабра і зла, выкрыццё ўсялякай сацыяльнай несправядлівасці, развенчванне чалавеканенавісніцкай маралі фашызму, генацыду, здзекаў над людзьмі, прыніжэння чалавечай годнасці, незалежна ад таго, дзе і калі чыніцца такая несправядлівасць.
3) гэта насычанасць твораў сучаснай матэрыяльнай праблематыкай праз увагу і паэтычнае даследванне такіх яе значных аспектаў, як мараль і чалавек ва ўмовах навукова - тэхнічнай рэывалюцыі, мараль і барацьба за захаванне свету ад ядзернай катастрофы, чалавек – мараль – экалогія, мараль і развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства.
4) гэта абуджэнне і ўзбагачэнне ў паэтычнай форме гістарычнай памяці беларускага народа, пошук у духоўнай атмасферы “сівой мінуўшчыны”, тых маральных каштоўнасцей, што і сёння ўзбагачаюць і мацуюць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, фарміруюць яе ў непарыўным адзінстве з сусветнай мастацкай культурай, развіццём інтарнацыянальных і патрыятычных якасцей людзей, ухваленне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі як асновы для станаўлення і развіцця высокай культуры міжнацыянальных адносін.
У.Караткевіч шукае свае падыходы да захавання чалавека.
Бачачы шматпланавасць і шматаспектнасць тэмы, ён ставіць перад сабой ўсё новыя і новыя пытанні, якія вядуць паэтычную думку шляхам пранікнення ў сутнасць жыцця чалавека, складанасць яго маральнага і духоўнага свету, дазваляюць спасцігнуць матывы яго паводзін, дзеянняў і учынкаў. Таму зразумелай становіцца максімальная дыдактыка У.Караткевіча, яго адносіны і патрабаванні да Чалавечай Асобы, галоўнае з якіх і заключаецца ў неабходнасці “зберагаць годнае і вялікае старое. Ствараць годнае і вялікае новае. Толькі годнае. Толькі вялікае. Гэта вызначальная рыса паэзіі паэзіі У.Караткевіча.”
Паэтычны аналіз узаемазалежнасці паміж паняццямі Чалавек – Народ – Радзіма, размова з чытачом аб нашых спрадвечных маральных каштоўнасцях, сцвярджэнне гераічнага пачатку ў народным характары ў творах, прысвечаных народным заступнікам, будуць яшчэ больш адчувальныя і зразумелыя, калі разглядаць іх у непрырыўнай сувязі з творамі, што прысвечаны роднай Беларусі, і, у першую чаргу, такімі, як “Беларуская песня”, “На Беларусі бог жыве”, “Старажытны беларус”, “Беларускае мінулае”, “Матчына душа”.
Нязносны гонар тым, што робім сёння.Дулю!
Вазьмі ў звычай, сын герояў і багоў,
Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ, і вартым быць яго.
“Беларускае мінулае” [4, 289]
Праз творчасць паэта праходзіць тэма адказнасці кожнага чалавека за шчасце і лёс іншых людзей і ўсяго чалавецтва.Тэма шматпланавая і шматаспектная:
ад ахвяравання ў імя жыцця каханага чалавека
Мой разлік быў тонкі і верны.
Пра каханых заўсёды маўчаць.
Ты бачыш я паміраю. Канец. Крычы не крычы.
Любы мой, любы мой, любы…
Маўчы, неадменна маўчы…
Дзеля вечнага, добрага шчасця,
Што будзе над нашай зямлёй.
“Партызанская балада” [ 4, 17]
да разумення шчасця радзімы як свайго асабістага шчасця
Недзе поруч ляжалі дарогі,
Кліч кахання ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта краіну любіў.
“Нявесце Каліноўскага” [4,234]
ад барацьбы кангалезскага народа за сваю незалежнасць(“Буслы вучаць дзяцей”) – да адлюстравання мужнасці і гераізму байцоў “нябачнага фронту”(“Разведчык”).
Для раскрыцця гэтай тэмы паэт выкарыстоўвае шырокі арсенал паэтычных прыёмаў – баладныя матывы, лірычныя звароты, фальклорныя традыцыі.
Гуманізм, любоў да людзей і чалавеканенавісніцтва у творах паэта пераплятаюцца:
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па 137 ў дзень,
І ў гадзіну – па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай…
Памятай…
Памятай!!!
“Трасцянец” [4,139]
Паэтычнае асэнсаванне маральна – этычных праблем у творчасці У.Караткевіча арганічна звязана са спасціжэннем прыгажосці, яе чароўнай сілы ўздзеяння на чалавека. Ён імкнецца знайсці прыгожае ў прыродзе, стварэннях рук чалавечых і асабліва раскрыць хараство чалавечых дум і ўчынкаў нават тады, калі яно з яўляецца зусім непрыкметным. І кожны з твораў адлюстроўвае эстэтычныя адносіны паэта да свету, да чалавека і яго спраў.
Эмацыянальна – эстэтычнай насычанасцю напоўнены вершы, прысвечаныя не толькі роднай прыродзе, бацькаўшчыне, Беларусі, але і мясцінам, дзе жылі старажытныя таўры, грэкі, дзе жывуць народы суседзі.
Эстэтычны бок паэзіі У.Каравткевіча значна ўзбагачаецца пастаяннымі зваротамі паэта да мастацкай творчасці розных часоў і народаў. Без перабольшання можна сказаць, што тыя імёны гісторыкаў, літаратараў, кампазітараў, мастакоў і твораў, якія згадваюцца ў вершах, баладах, паэмах У.Караткевіча маглі б скласці прадстаўнічую мастацкую энцыклапедыю.
3 Паэзія У. Караткевіча і вусная народная творчасць
Моцны фальклорны струмень да якога прыпаў У.Караткевіч, пранізвае ўсю яго паэтычную творчасць, напаўняе яе народным пачаткам, традыцыйнай паэтыкай. Бадай няма ніводнага фальклорнага жанру, які б не знайшоў бы свайго выкарыстання ў яго творах.
У адным інтэрв’ю У.Караткевіч сказаў: “Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў, і кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым”. У.Караткевіч перакананы, што толькі пранікненне ў гістарычную памяць народа здольна забяспечыць непарыўнасць ланцуга паміж мінулым, сучасным і будучым і перасцерагчы людзей ад памылак і няшчасцяў.
Праз творы паэта народны фальклор набывае новае жыццё, становіцца важным элементам беларускай мастацкай культуры, якая даволі актыўна садзейнічае маральна – інтэлектуальнаму абнаўленню грамадства. Фальклор дапамагае узнавіць мастацкімі сродкамі гісторыю “векавечнай бацькаўшчыны” на ўсіх этапах станаўлення і развіцця нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, а таксама, стварыць асабістыя паэтызаваныя вобразы народных заступнікаў.
У канцы 50-60 гадоў ён стварыў легенды – “Маці ветру” і “Легенда аб бедным д ябле і аб адвакатах Сатаны”. Не абышоў і сваёй увагай У.Караткевіч такога героя, як Машэка. На аснове легенды быў напісаны першы паэтычны твор – верш “Машэка”. Верш гэты не зусім звычайны . Галоўная яго адметнасць у насычанасці народным духам, у глыбокім спасціжэніі фальклору, які не толькі цытуецца ці служыць дапаможнікам у якасці ўзору вершаскладання. Тут і былінна – казачныя элементы, тут і прыказкі з іх пераносным сэнсам, і лаканічныя прымаўкі, і элементы алегарычных казак.
Яшчэ адзін верш – “Балада пра паўстанца Ваўкалаку” з паэтычнага зборніку “Матчына душа”. Паўстанец Ваўкалака – змагар супроць прыгнятальнікаў – быў смяротна паранены панскімі прыслужнікамі, калі прабіраўся да роднай хаты. Менавіта баладная форма дазволіла аўтару знітаваць у непадзельнае цэлае драматычнасць і трагізм жыцця і кахання героя, лірызм у апісанні роднай прыроды і багатыя магчымасці вуснай народнай творчасці.
Яшчэ некалькі радкоў з вершаў, пазначаных У.Каратке-вічам як “Армянскія ананімныя прытчы”, у якіх яскрава адчуваецца цяга паэта да народных твораў, што нясуць на сабе пячатку мудрасці старажытнага Урарту, Малой і Вялікай Арменіі.
Адна з прытчаў прысвечана V стагоддзю, калі ішла антыіранская вайна, калі на змену аднаму правіцелю прыхадзіў другі, калі вакол панавалі прадажніцтва, здрада і абман.
Воўк авечкам сказаў: “Мір вам светлы й святы.
Нада мной і над вамі – адзіны бог”.
І Баран сказаў: “О сёстры й браты! –
Ратуйся, хто як і хто змог!”
“Армянскія ананімныя вершы” [4, 290]
І ратаваліся хто як мог ад V стагоддзя і да нашых дзён.
Адметнай рысай ўзаемадзеяння паэзіі У.Караткевіча з вуснай народнай творчасцю з’яўляецца імкненне спазнаць народную мудрасць не толькі ў часе, але і ў прасторы. Багата насычаны элементамі вуснай народнай творчасці вершы, прысвечаныя Латвіі і Рызе “Крумкачы”, Літве і Вільнюсу “Вільня ў дождж”, “Чурлёніс”, Расіі і Украіне “Дняпро і Ака.Ён і яна.”, асабліва старажытнай Эладзе і яе людзям “Балада пра сыноў Пітакоса”, “Здратаваныя магілы”.
Яшчэ адзін бок творчасці , што пераканаўча паказвае непарыўнасць сувязі з вуснай народнай паэзіяй – гэта стварэнне рамантычных карцін ”роднай бацькаўшчыны” праз багатае выкарыстанне асацыяцый, параўнанняў, метафар, эпітэтаў. Для яго Беларусь – зямля
...Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэта край –
Твой дом і сабор...
“На Беларусі бог жыве” [4,242]
4 Любоўная лірыка У. Караткевіча
Шмат радкоў прысвяціў У.Караткевіч тэме кахання. У паэмах, баладах, прысвячэннях, вершах каханне паўстае перад чытачом як духоўная якасць, у якой перасякаюцца процілегласці біялагічнага і духоўнага, асабістага і грамадскага, інтымнага і агульназначнага. Майстэрства паэта, неардынарнасць і глыбіня яго выхадаў на звычайніцкія жыццёвыя і маральныя сітуацыі – а менавіта ў іх і аснова, і сэнс, і вырашэнне самых звычайных і самых вострых калізій – даюць поўнае права на выдзяленне любоўнай тэматыкі ў якасці аднаго з важных тэматычных кірункаў паэзіі У.Караткевіча.
У цэнтры паэтавага разумення кахання, як самага свабоднага, незалежнага і напрадбачанага выяўлення глыбіні чалавечай асобы, стаіць чалавек, яго душа, яго сэрца, яго пачуцці, яго адносіны да жанчыны – сяброўкі, маці, каханай.
Яно лірычнае і драматычнае, узнёслае і трагічнае, звычайнае, зямное і рамантызаванае. Каханне – гэта не толькі радасць і шчасце, гэта таксама уменне перажыць неудачу, здраду, прадажніціва, гэта і памяць пра тых, хто не зможа ні пакахаць, ні стаць каханым.
Бадай што найбольш поўна такое дыялектычнае разуменне кахання можна знайсці ў паэме “Слова пра чалавечнасць”. З аднаго боку, шчасце для Рыгора – каханне да Ганны і захапленне даследніцкай працай :
...Раскапаўшы пяць – шесць курганоў,
Ён вяртаўся дамоў як негр загарэлы,
Адчуваў, што здароўе вяртаецца зноў.
Ён хапаў сваю жонку рукамі грубымі,
Называў каханай і дарагой,
Цалаваў яе ў надзьмутыя губы
Бо яна злавалася на яго. [ 4,99]
З другога боку – неразуменне Ганнай адданасці Рыгора, яе эгаізм і саманадзейнасць, якія прыводзяць да распада сям і. Яна хацела жыць у сталіцы, каб муж быў прафесарам.
Якім бы складаным для героя ні быў шлях у каханні, галоўным для яго застаецца духоўнасць кахання, яго чалавечнасць, маральны сэнс.
О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
“О каханне маё бясконцае...” [4,164]
Падводзячы вынік, можна з упэўненасцю зазначыць, што многія творы У.Караткевіча аб каханні – гэта споведзь паэта аб перажытым, гэта размова з чытачом аб высокароднай галіне паэзіі, якая дае магчымасць успрымаць еднасць чалавека і акаляючай рэчаіснасці як адзіную цэласнасць з усім. Вершы, балады, паэмы паэта – антыэгаістычныя. Яго лірычнае “я” нібы зліваецца з унутраным светам чытача, яго пачуцці перадаюцца чытачу і успрымаюцца апошнім як свае асабістыя. Індывідуальны вопыт паэта становіцца вопытам чытача, нават калі любоўныя пачуцці яго ў жыцці не захоплівалі ў свой палон.
У вершах пра каханне няма эротыкі, цынічных адносін да жанчыны, ухвалення мімалётных сувязеў.
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіяфана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, -
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?
“Ты і я” [ 4,184]
Паэт не прызнае кахання па разліку. Для любоўнай лірыкі У.Караткевіча характэрны пяшчота, цеплыня, загадкавасць, пранікненне ў тайну сэрца закаханага. Любоў напоўнена паэтычнасцю, што пранізвае ўсе іншыя адцені чалавечых адносін: любоў да маці, родных мясцін, дружбу, таварыства.
Вывад
Удадзімір Караткевіч – яркая творчая індывідуальнасць.І менавіта ім, выдатным майстрам слова, неардынарнай творчай асобе, ганарыцца беларуская паэзія другой паловы ХХ стагоддзя.
Рамантычна-ўздымны пафас, лірычна-экспрэсіўны стыль паэзіі найбольш яскрава выяўлялі склад яго ментальнасці.
Паэтычная творчасць Удадзіміра Караткевіча пазначана смеласцю і арыгінальнасцю пошукаў, якія прывялі да узбагачэння тэматыкі, вобразнага зместу , інтэлектуальнага узроўню нацыянальнага мастацтва слова.
У.Караткевіч адрадзіў традыцыю М Багдановіча, які адным з першых звярнуўся да вобразаў беларускай гісторыі, імкнуўся ў сваёй нізцы “старая Беларусь”згадаць “аб прадзедах сваіх, - аб горы, радасцях і аб прыгодах іх”.
Творы у.Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага густу,але і знойдзецца самы удзячны водгук у маладых сэрцах. Ён сам быў да скону сваіх дзён надта малады па натуры і ведаў, чым крануць маладыя душы.
Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?
Хто сказаў, што розны наш лёс,
І таму, што насы ў нас розныя,
Ты павінен разбіць мне нос?
Хай ён нюхае лепей кветкі
Ці каханай сваёй валасы.
Месца хопіць для ўсіх на палетках,
І на ўсіх хопіць весняй красы.
Гімн яднання. Магутныя гукі
Ап’яняюць нас, як віно.
Браты!
Сплятайце рукі!
Шчасце для ўсіх адно.
“Сплятайце рукі” [ 4, 351]
У адным інтэрв’ю У.Караткевіч сказаў: “Кожнаму дадзен свой дыяпазон. А вось ці зможа пісьменнік зрабіць што – небудзь значнае ва ўсіх напрамках сваёй творчасці – гэта залежыць ад таленту і ад лёсу”. Талент і лёс прадвызначылі ўсім творам У.Караткевіча доўгае жыццё.
Літаратура
Андранюк С. Пісьменнікі.Кнігі: літ.-крытыч. артыкулы. Мн.:Маст.літ.,1997.-319с.
Бельскі А.І. Класікі і сучаснікі . Мн:Аверсэв, 2005.-352с.
Ішчанка Г.М. Уладзімір Караткевіч.Мн.: Аверсэв, 2005.-207с.
У.Караткевіч. Збор твораў: у 8 т. Т.1. Мн.: Маст.літ., 1987.-431с.
Навумовіч У.А. Беларуская літаратура. Мн.:Выш.Шк., 2007.-478с.
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч Праз гісторыю ў сучаснасць. Мн.: Маст.літ., 2000.-300с.